не пагадзілася, і яе зяць хутка перарабіў верхні паверх тэатра ў кватэры, а ніжні ў аптэку (Мікутовіча) і крамы.
Паўвека гэта быў дом муз. Пабудаваны Мараўскім у 1796 г. і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму, які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву. Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.
1846. Адкрыццё дзяржаўнага польска-рускага тэатра ў вялікай зале Ратушы, дзе адбываліся соймікі і канцэрты.
Цывільны губернатар Жарабцоў чынна гэтым займаўся. У абодвух канцах зала былі збіты каланады, усталявана сцэна і на слупах зроблена ложа. Вось ужо паўвеку, на шчасце, не было пажару, і тая ложа ўсё гэтак жа трымаецца на драўляных слупах.
Пра гэты зал з захапленнем успамінаў у Дрэздане слаўны скрыпач Караль Ліпінскі9, і ўсе спявачкі таксама хвалілі цудоўную акустыку. Тут горад даваў баль для цара Аляксандра І.
1848. Зачынены заслужаны інстытут спадарыняў Герман, у якім шмат бедных дзяўчатак бясплатна атрымала адукацыю. Гэтыя шляхетныя людзі сталі ахвярай інтрыг.
Год запомніўся страшнай халерай улетку.
1851. 17 кастрычніка смерць пачцівага прафесара Віленскага ўніверсітэта, а потым Віленскай акадэміі Фелікса Рымкевіча10. Меў незвычайную памяць. Слаўны Андрэй Снядэцкі называў яго «ходнай бібліятэкай».
Пасля смерці Снядэцкага Рымкевіч быў абраны дырэктарам клінікі ўнутраных хвароб, а пасля забароны ўніверсітэта і акадэміі не прыняў прапановы працаваць у іншых універсітэтах. З Абіхтам11 меў братэрскае сяброўства з маладосці да труны. Калі яшчэ не быў жанаты, разам з ім улетку жыў ў прыгожых Маркуцях. Абодва мелі праўдзівы і лагодны характар. Пагарджалі самым нявінным шарлатанствам і былі ўзорам для цэлага пакалення практыкуючых лекараў, іх глыбока шанавалі, а пад стараць нават любілі.
Дзякуючы ім, я маю свае прынцыпы і веды.
Рымкевіч пасля адпачынку і лекавання ў Бадзе-Кісінгене паехаў лячыцца ў Лондан, але дарэмна, бо рак страўніка невылечны. Абіхт закрыў яму вочы. Халодны быў чалавек, але заплакаў.
1855. 27 траўня шляхта Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў сустрэла Назімава12 прыгожым балем у залах дома Мюлера (потым Шышкі, зараз яго зяця Слатвінскага), дзе раней была Рэсурса