Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі - страница 4

Шрифт
Интервал


.

З-за манаршай ласкі мелі вялікую радасць ва ўсім краі, бо цар прыслаў чалавека справядлівага, праўдзівага і сардэчнага. Яшчэ ў 1841 г. ён выявіў інтрыгі некалькіх вышэйшых чыноўнікаў, якія з дапамогай сфальшаваных сведчанняў абвінавацілі мноства заможных і ўплывовых асоб і трымалі іх у вязніцы больш за год.

Назімаў расказаў цару Мікалаю ўсю праўду, і цар, які на пачатку не паверыў, паслаў у Вільню генерал-ад'ютанта Кавеліна14, які выпусціў нявінных з турмы15. […] Пасля гэтага Назімаў атрымаў чын генерала світы. […]

Калі б на тым вясёлым балі (я быў на ім) знайшоўся нейкі прарок, які б сказаў: «Роўна праз сем гадоў тут у Вільні будуць стаяць шыбеніцы і пацячэ кроў вінаватых і невінаватых. Ухіліцеся ад гэтага, покуль яшчэ магчыма, вы бацькі сямействаў!» – усе палічылі б яго за вар'ята, за шаленца. Аднак ідэі Гарыбальдзі і Мераслаўскага16 з Варшавы прыйшлі на ціхія вулачкі Вільні. Маладое, недасведчанае пакаленне не паслухала старэйшых, бацькі спрабавалі з імі змагацца, але дэкламацыі, запал і энергія моладзі перамагалі.

Толькі Назімаву Вільня павінна быць удзячнай за чыгуначную лінію, бо па планах французскай кампаніі, каб скараціць шлях, чыгунка на ўчастку ад Пецярбурга да Гародні павінна была абмінуць Вільню. Таксам яму трэба быць удзячным за набярэжную Віліі, сквер каля Кафедры і перанос Берасцейскага кадэцкага корпуса з Масквы ў Вільню. А яго жонцы трэба быць удзячнымі за школу швачак і краўчых, якая атрымала назву Вострабрамскай і ў якой да 50 бедных дзяўчынак вучыліся на поўным утрыманні і мелі навуку за кошт гэтай спадарыні.


2.


1856. На пачатку жніўня я з мітрапалітам Жылінскім17 выехаў праз Мінск і Бабруйск у Маскву на каранацыю. Па дарозе, у Лебедзеве, у шамбеляна Ц. Цывінскага пазнаёміўся з маладзенькім доктарам Зянонам Цывінскім, які толькі што прыехаў з Масквы, а ў Радашковічах з інтэлігентнай спадарыняй В. Паміж Мінскам і павятовым горадам Ігуменам мы на цэлы дзень спыніліся ў прыгожай і стаўшай нядаўна вядомай рэзідэнцыі Дукоры, маёмасці шматгадовага маршалка Мінскай губерні Оштарпа18. Ён быў агульнавядомы сваёй гасціннасцю. Чаго там не было! Уласны аркестр, з Мінска часта прыязджаў польскі тэатр ці конны цырк. Пасля пераносу Віленскай акадэміі ў Кіеў ў Дукоры ціха жыў «як быццам калега» Снядэцкага Хебах, ён служыў настаўнікам коннай язды для трох дачок маршалка.