Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі - страница 5

Шрифт
Интервал


Дасціпны, але трошкі зласлівы паэт, у старасці страціўшы зрок, аўтар надрукаваных эпіграм Ігнат Легатовіч19, увекавечыў гэту рэзідэнцыю двухрадковым вершам:

Па смерці Оштрапа ў Дукоры
Змены значныя прайшлі,
Паны піць перасталі ад учора,
А мужыкі там есці пачалі.20

Залатыя купалы «сорока сороков»21 цэркваў асляпілі нас здалёк. Чароўны від з гары, з якой ішла ўніз дарога. Сонца свяціла нам у спіны і перад сваім заходам асвяціла горад, які раскінуўся перад намі, а іскры золата на купалах мігацелі і блішчэлі так, што трэба было прыжмурваць ці нават заплюшчваць вочы. Толькі адсутнасць сіняга мора, як у Басфоры, падказвала, што перад намі Масква, а не Канстанцінопаль.

У той час была не надта моцная эпідэмія халеры. Але мне давялося лячыць ад халеры нашых землякоў, якія таксама прыехалі сюды: гр. Рэйнальда Тызенгаўза, маршалкаў Дамейку22 і Станіслава Хамінскага, а таксама Калікста Ажэшку23. Усе яны выздаравелі.

Ажэшка і Дамейка як губернскія маршалкі запрашаліся да міністра ўнутраных спраў Ланскога24, дзе іх сакрэтна агітавалі за вызваленне сялян. Рускія маршалкі і саноўнікі працівіліся гэтаму, і на іх чале стаяў міністр дзяржаўнай маёмасці Міхаіл Мураўёў25. Нашы нагадалі, што віленскія соймікі яшчэ ў 1818 г. хацелі даць сялянам волю, але тагачасны генерал-губернатар соймікі закрыў, а маршалка Міхала Ромера26 арыштаваў.

На дадзеным нам літаратурным вечары да мяне падышоў нейкі спадар і сказаў: «Вы з Вільні, і мы можам размаўляць па-польску». Гэты быў Каткоў27, які праз сем гадоў атрымае вядомасць. Каткоў меў першую жонку польку з Любічанкоўскіх, сястру двух братоў – дактароў. Пасля яе смерці жаніўся з княжной, з якой меў цэлы тузін нашчадкаў.


1857. Падарожжа за мяжу. Меў вялікі смутак. Мой калега па шпіталю св. Якуба і галоўны лекар Юльян Машынскі (бацька сучаснага доктара Стэфана Машынскага), пасля кароткай хваробы (флебіт) памёр. Калі выязджаў з краю, ён праводзіў мяне за горад, потым мы перапісваліся, нават калі я быў у Парыжы. Смерць забрала майго добрага сябра і выдатнага, паважанага грамадствам лекара. Яго смерць зрабіла бессэнсоўнай маю працу ў шпіталі. Паветра там не для мяне. Часу забірала шмат, а аплата малая. Жадалі прызначыць галоўным лекарам мяне, але я не пагадзіўся, тым не менш на працягу года выконваў гэтыя абавязкі. У 1858 г. расстаўся са шпіталем, адпрацаваўшы 8 гадоў у шпіталі ў Савічах (толькі ўнутраныя хваробы) і 8 гадоў у шпіталі св. Якуба (хваробы ўнутраныя і акушэрства). Пасля гэтага заняўся прыватнай практыкай у горадзе.