Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. З дадаткам Уладзіслава Талочкі - страница 6

Шрифт
Интервал


У тым жа годзе пайшоў у вечнасць заслужаны, светлы і самы папулярны віленскі практык др. Францішак Урублеўскі, некалі ад'юнкт прафесара Франка28, чалавек рэдкай сціпласці.

Пераезд у Варшаву на пасаду дырэктара оперы шляхетнага сябра і знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі29. Пазнаёміліся мы за 20 гадоў да гэтага, калі з Мінска праз Вільню ў Берлін ён ехаў у кансерваторыю, дзе слаўны ў той час прафесар Рунгенхаген быў яго настаўнікам. У канцы 1840 г. пасяліўся ў Вільні. Граў на Святаянскіх арганах, пісаў спеўнікі (6 сшыткаў), кантаты (Мільда і Ніёла, тэкст з літоўскай міфалогіі), якімі сам дырыжыраваў. Пярлінай сярод іх была «Галька», якая першы раз ставілася ў Вільні 16 лютага 1854 г., а ў Варшаве ў 1858 г., калі аўтар пераехаў туды30.

Для мяне ад'езд гэтага мілага, светлага чалавека з рэдкім досціпам быў стратай, якую немагчыма забыць. Гэта была страта для ўсіх, хто любіў музыку і асабліва для спевакоў-аматараў, якія спявалі кампазіцыі Манюшкі на музыкальных вечарах, гэткіх асоб як Боландзь, Ільцэвіч ці прафесар Цілях, які меў самы прыемны тэнар у Вільні. Маю шмат запісак Манюшкі, мы дзяліліся ўражаннямі і бавіліся імправізаванымі вершамі.


1858. Памятаю наведванне Вільні ў верасні царом Аляксандрам І. Ён першы раз прыехаў у наш горад і быў з энтузіязмам сустрэты. Заснавальнік Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч31 меў гонар прымаць яго. Цар зрабіў запіс у кнігу наведвальнікаў і пахваліў зборы. Граф Міхал Тышкевіч32 за дзве мілі па дарозе на Вількамір зладзіў добрае паляванне.

У сваёй прамове да шляхты літоўскіх губерняў, акрамя іншага цар сказаў: «Дзякуй вам за удзел у справе паляпшэння быту сялян. Вы першыя паказалі ўзор, і ўся імперыя рушыла за вамі. Я ўпэўнены, што вы будзеце дапамагаць мне ва ўсім». І дадаў: «Яшчэ раз дзякую вам за сардэчны, ветлівы прыём. Мне прыемна быць у вашым атачэнні. Я спадзяюся на вас».

Прыгожы баль у шляхочым клубе. Манументальныя сходы вялі ў вялікую залу, пераробленую парыжскім дэкаратарам у рэстаранную залу.

Другі вечар Аляксандр ІІ правеў у польскім тэатры. Паказвалася камедыя з танцамі і спевамі Юзафа Кажанеўскага «Дажынкі». Актор у ролі вясковага арганіста сваім віншаваннем і ўстаўнымі спевамі (лепшы комік Малеўскі) пацешыў цара, а па-зухвальску станцаваная мазурка яму спадабалася.