Человека, человека давайте мне!
И.А.Гончаров «Обломов»
У сумнай гісторыі жыцця і смерці Казіміра Лышчынскага ўсё проста і зразумела толькі на першы погляд: жыў-быў шляхціч сярэдняе рукі, пазычыў грошы суседу, а той замест каб аддаць з падзякай, напісаў данос, абвінаваціўшы крэдытора ў атэізме. На двары канец XVII стагоддзя, абвінавачаны трапляе ў вязніцу, а пасля – на вогнішча разам са сваім атэістычным трактатам, ад якога толькі й засталося, што быў ён вельмі атэістычны.
Чытаючы шматлікія, чаго тут хаваць, артыкулы, кнігі і дакументы, датычныя Казіміра Лышчынскага, немагчыма адпрэчыць адчуванне, што гэта сцэнар вострасюжэтнага серыяла «Юрыст, спалены на вогнішчы» ў стылі unreliable narrator, бліскуча рэалізаваны Уілкі Колінзам у класічным «Месячным камені». Упэўненыя галасы ненадзейных або недасведчаных сведкаў ткуць супярэчлівую і шмат у чым непераканаўчую гісторыю. Што там казаць, гісторыю, у якую амаль немагчыма паверыць, калі б не надавала ёй незваротную сапраўднасць жудасная сцэна смяротнага пакарання: чалавеку адсякаюць галаву, цела спальваюць, а попелам страляюць з гарматы.
Глыбейшае знаёмства з гісторыяй Казіміра Лышчынскага здзіўляе, з аднаго боку, колькасцю пытанняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу, а з другога – колькасцю дакументаў, якія патэнцыйна могуць гэтыя адказы прапанаваць, але дзесяцігоддзі ляжаць у архівах некранутымі. Тым больш, што дзякуючы сучасным тэхналогіям шмат якія рэдкія выданні і нават архіўныя матар’ялы можна атрымаць праз інтэрнэт малым коштам і не злазячы з канапы.
Уражваюць, не заўсёды прыемна, яскравыя характары. Вось інтэлектуал Лышчынскі, седзячы ў сваіх Лышчыцах, выпісвае ў таемны сшытак «чалавек есть творцам Бога». Вось Пётр Станіслаў Грэк адчайна шукае шляхоў заняць добрую пасаду ў Берасцейскім ваяводстве. Вось Людвік Пацей бароніць на Варшаўскім сойме свайго калегу і земляка Лышчынскага, але ў нейкі момант адыходзіць у цень – каб праз некалькі год зрабіць фантастычную кар’еру аж да найвышэйшай у Вялікім княстве пасады ваяводы віленскага. А вось Анджэй Хрызастом Залускі, біскуп, лацініст, палітык і садыст у адной асобе, нават пасля смерці Лышчынскага не можа супакоіцца і распісвае на паперы тыя пакуты і здзекі, якія, на шчасце, у самых варварскіх сваіх падрабязнасцях не адпавядаюць рэчаіснасці. Вось і папскі нунцый Якуб Кантэльма, які шкадуе, што не атрымалася ўжыць да абвінавачанага «належныя» па стандартах інквізіцыі катаванні.