Ашуканае сэрца
Позняй купальскай ноччу блытаюцца дарогі, зоркі мяняюць сваё становішча, а малойцы губляюць галаву ад зазовак, што заводзяць іх у гушчар і губяць там. Некаторыя адпраўляюцца на пошукі кветкі папараці, каб выканаць свае самыя запаветныя жаданні, іншыя ж самі твораць свой лёс. Цудоўная і бясконца цёмная Купальская ноч для падарожнікаў і незнаёмцаў.
Алесь прайшоў па хаце, зачапіў галавой саламянага павука, падвешанага да столі. Абярэг трывожна захістаўся, быццам спрабаваў зазваніць у саламяныя званочкі і сагнаць саламяных птушак, якія на ім прымасціліся. Хлопец зірнуў на падкову над дзвярыма, у думках просячы аб поспеху. Вузельчык з патрэбным скарбам быў ужо складзены каля парога, і Алесь захапіў яго з сабой.
У вячэрнім паветры пахла травой, кветкамі і цяплом вогнішчаў. Алесь далучыўся да карагода, а затым да спеву традыцыйных купальскіх песень, але адчуваў, быццам бы ён тут чужы. Голас не хацеў вымаўляць знаёмыя словы.
Упушчу цябе Купаленька,
Прыйму сэрцам шчырым;
Паіць буду мёдам, півам,
Карміць буду сырам.
У галаве шумела, а вочы ніяк не маглі запрыкмеціць галоўнае. Фарбы блыталіся, змешваліся пахі, гукі зліваліся.
Ты ж Купаленька,
Ночка маленька,
– Ды дзе ж ты была?
– За гарой была.
– Што рабіла?
– Кужалі прала, ткала, бяліла.
Алесь углядаўся ў знаёмыя твары, але ніяк не мог разгледзець сваю нарачоную. Ванда не прыйшла на вогнішча, дзе сабралася ўся моладзь, каб расказаць гісторыі аб гэтай ночы.
– …А я нават касну бачыла! – загаварыла Паўлінка. – Хвост у яе, як у змяі, а крылы дакладна як у птушкі. І ўсё цягнецца, каб высмактаць кроў!
– Хлусіш ты ўсё, – хутка абарвала яе Соня. – Дзе ж ты яе бачыла?
– У лесе, калі папараць-кветку шукала! Потым каснаў разагнаў пан нейкі, ён таксама па пошукі кветкі пайшоў.
Алесь напружыўся. Ванда кожны год кідалася шукаць кветку, быццам знойдзе яе – і зменіцца нешта важнае. Гэтым разам і Алесь паабяцаў далучыцца да пошукаў, бо менавіта сёлета вырашыў, што лепшай дзяўчыны яму не адшукаць. Ніводная, акрамя яе, не ўмела так строга глядзець і гэтак заразліва гучна смяяцца. Няўжо ж Алесь не змог бы здабыць кветку, калі ёй так хочацца? Ды ён і месяц бы з неба зняў, калі б пажадала.
– А дзе Ванда? – рассеяна спытаў Алесь.
Паўлінка ўся сціснулася.
– Не ведаю. Кветку трэба адной шукаць, іначай не з’явіцца.