Уладар рыбаў - страница 21

Шрифт
Интервал


– Луста неба з разынкамі зорак – луста дома з разынкамі вокнаў, – прыйшлі радкі.

Усю ноч Вінусю снілася Бажэна, ён адчуваў яе рукі, валасы, вусны, яе пах, ап’яняльную прысутнасць. То, як Даная, яна заклікальна адгортвала прасціну. То, як мармуровая Венера, стаяла прыцягальна і непадступна. То, як чараўніца, сцярожка ступала ў купальскіх росах, аголеная і чыстая, ззяючая пад месяцовым святлом. Ён тысячы разоў прачынаўся ад пякучага жадання валодаць ёю. Усхопліваўся, нярвова паліў, зноў спрабаваў заснуць…

эпізод 7

Анёл спусціўся на зямлю —
Сусветны сум у зялёным воку,
У блакітным – радасць ад быцця,
Турбот людскіх, зямных аблокаў…

Вінусь не знаходзіў сабе месца. Ён не мог дачакацца вечара, каб пабачыць яе. Пачынаў пісаць ёй верш і не знаходзіў слоў, вартых яе. Браўся гатаваць каву, і яна збягала, пэцкаючы пліту. Як дзяўчынка-падлетак, разглядаў сябе ў люстры, вывучаў кожную рысачку ледзь не пад лупу, каб зразумець, ці спадабаўся ёй. Тысячы разоў хваліў сябе і тут жа ганіў. Згадваў свае фразы ў размове з ёй і захапляўся ўласным красамоўствам ды тут жа дзівіўся свайму глупству. Сядаў за працу і не мог адрэдагаваць ні радка – думкі распаўзаліся па ўсіх шчылінах свядомасці. Хацеў напісаць нешта ўласнае і не здалеў набраць ані слова.

– Ды што ж гэта такое?! – адштурхнуўшы ад сябе клавіятуру, у роспачы крыкнуў ён.

– Няйначай хва’оба нейкая п’ычапілася, да’ажэнькі мой.

– Хто тут?

Вінусь пабачыў ката. Апрануты ён быў у белы халат, што ажно трашчаў па ўсіх швах на ягонай «фігуры», гузікі гатовыя былі пырснуць у розныя бакі ўсе і адразу, гэткі ж каптур з абы-як прышытым чырвоным крыжам. На шыі матляўся стэтаскоп. Наўскасяк, па-паштарску, была перакінутая торба таксама з белай тканіны, з гэткім жа крыжам, толькі большых памераў – як малыя ў дзіцячым садку гуляюць у доктара. Рыбіна тупала побач, трымаючы ў плаўніках вялізны шпрыц.

– Дык вось шьто я качу сказаць, да’ажэнькі, – працягваў кот, папраўляючы пенснэ, – дыягназ: сінд’ом вясновай гіпе’пачуццёвасці на фоне клінічнай безвыходнасці эмоцыяў, ускладнены татальным па’алюшям волі, шьто суп’аваджаецца сінусаідальным га’манальным усплёскам і ацёкам ня’вовых канчаткаў. Гэта вам не жа’тачкі, – размахваў указальным пальцам перад носам «пацыента» кот.

– I што мне цяпер рабіць? – няўцямна прамармытаў Вінусь.