Уладар рыбаў - страница 20

Шрифт
Интервал


– Не бяры да галавы. Калі яшчэ розных бамжоў слухаць… – імкнуўся заспакоіць яе Вінусь, хоць самому было таксама прыкра ад таго, што нехта парушыў тое няўлоўна-крохкае, што вось-вось пачало ўсталёўвацца паміж маладымі людзьмі, так рэзка ды нахабна.

– А я лекцыі прагуляла, – спахапілася дзяўчына.

– А я рукапіс у выдавецтва не аднёс… Узнікла паўза.

– А можа, ну яго? – з надзеяй паглядзеў Вінусь на Бажэну.

Тая згодна ўсміхнулася.

– Ведаеш, заўсёды няёмка пачуваюся ў такія моманты. Міма галоднага сабакі не магу прайсці – ці свой бутэрброд аддам, ці ў краму забягу якую сасіску куплю. Не магу ім у вочы глядзець. Чалавек заўсёды мае выбар, можа паклапаціцца пра сябе, калі не паралізаваны і не інвалід, канешне…

Ужо вечаровыя ліхтары перакінулі кладачкі святла з аднаго берага ракі на другі. У высокім небе яснелі зоркі. Паркавыя дрэвы стаіліся, перачэкваючы апошнія вясновыя халады. Яны беражліва ахоўвалі ад сцюжы ўжо пульсуючае ў кожнай галінцы новае жыццё – моцна сцялі пупышкавыя далонькі, сцярожка трымаючы ў іх вось-вось гатовы разгарнуцца-выпрастацца пяшчотна-зялёны пахкі камячок. Абнадзееная першым цяплом зямля вытачала ні з чым не параўнальны водар жаночага чакання. Пад нагамі папісквала цененькая ледзяная скарыначка, пахрумстваў яшчэ ацалелы снег.

– А ведаеш, чаму снег хрумсціць? – запыталася Бажэна.

– Чаму? – адгукнуўся Вінусь.

– Таму што ў сняжынак промнікі ломяцца. Мне так мама тлумачыла ў дзяцінстве.

– Прыгожа.

Хлопец гатовы быў бясконца вось так ісці ды ісці па гэтым вялікім парку.

Хацелася, каб у ім было яшчэ болей алеяў, сцяжынак, сцежачак, куточкаў – каб кружляць і кружляць па іх з гэтай незнаёмай прыгажуняй. Нібыта ўжо зусім блізкай і роднай, такой падобнай да яго і адначасова такой загадкавай і прыцягальнай. I, здаецца, ні аб чым незвычайным не гутарылі, а было нова, свежа і ўтульна, неяк цёпла ды натуральна.

Раптам у яе сумачцы зазвінеў мабільнік.

– Ало! Не хвалюйся, хутка буду. Потым пагаворым.

Перахапіўшы занепакоена-запытальны позірк Вінуся, дзяўчына паспяшалася патлумачыць:

– Мама хвалюецца. Час ужо дадому.

Хлопец вяртаўся дахаты акрылены. Наперадзе мігцелі зоркі, а за спінай вялізнымі пухкімі шматкамі паволі і ўрачыста падаў развітальны снег. Вокны дамоў глядзелі на яго па-асабліваму ветла ды адкрыта. Было дзіўнае адчуванне яднання каменнай стыхіі ды абуджанай прыроды, бы гожая Паненка-Вясна, звонка цокаючы абцасікамі, ішла пад руку са шляхетным Спадаром-Горадам і залівіста смяялася.