Нацыянальныя і дзяржаўныя сімвалы Беларусі - страница 2

Шрифт
Интервал


Многія флагі ўяўляюць сабой спалучэнне палос розных колераў, размешчаных вертыкальна або гарызантальна. Таму палосы на флагу прынята пералічваць зверху ўніз або ад дрэўка да вольнага боку. Напрыклад, флаг Францыі правільна называць «блакітна-бела-чырвоны».

Пры вертыкальным вывешванні палотнішча, якое складаецца з гарызантальных палос, яго верхняя паласа павінна размяшчацца злева ад гледача, а ніжняя – справа.


Правобразы гербаў – розныя сімвалічныя выявы, што змяшчаліся на вайсковым рыштунку, сцягах і асабістых рэчах, выкарыстоўваліся яшчэ ў старажытнасці. У творах Гамера, Вергілія, Плінія і іншых антычных аўтараў сустракаюцца запісы аб выкарыстанні такіх знакаў. Прычым, уласныя эмблемы мелі як рэальныя, так і легендарныя асобы. Напрыклад, уласнай эмблемай Аляксандра Македонскага быў марскі канёк (гіпакамп), які ўпрыгожваў яго шлем, шлем Ахілеса упрыгожваў арол, шлем цара Нумідзіі Масінісы – сабака, шлем рымскага імператара Каракалы – арол.

Шчыты таксама ўпрыгожваліся рознымі эмблемамі, напрыклад, выявай адсечанай галавы Гаргоны Медузы. Але многія гэтыя знакі выкарыстоўваліся як упрыгожанне, таму часта змяняліся ўладальнікамі, не перадаваліся ў спадчыну і іх ужыванне не рэгламентаваліся ніякімі правіламі.

Большасць старажытных цывілізацый мелі ў сваёй культуры некаторыя элементы геральдыкі, напрыклад, сістэму пячатак. У Асірыі, Вавілоне і Старажытным Егіпце пячаткі выкарыстоўваліся, як затым і ў сярэдневяковай Еўропе, для пасведчання дакументаў. Таму некаторыя эмблемы дзяржаўных утварэнняў антычнасці выкарыстоўваліся на працягу стагоддзяў: на манетах, медалях, пячатках. Многія гэтыя рэчы захаваліся да нашага часу, дзякуючы чаму вядома, што эмблемай Афін была сава, Карынфа – Пегас, Самоса – паўлін, вострава Родас – ружа. З III тыс. да Р.Х. існаваў «герб» шумерскай дзяржавы – арол з галавой ільва. Эмблемай Егіпецкага царства была змяя, Арменіі – каранаваны леў, Персіі – арол. Затым арол стаў гербам Рыма, а гербам Візантыйскай імперыі, якая хацела аб’яднаць пад сваёй уладай абедзве часткі былой Рымскай імперыі, стаў двухгаловы арол, які затым «пераляцеў» на гербы Албаніі, Расіі, Сербіі і некаторых іншых краін.

Такім чынам, розныя геральдычныя знакі і эмблемы існавалі ўсюды і заўжды, але ўласна гербы з’явіліся ў Еўропе толькі ў X ст. Гэта былі гербы рыцараў, якія сталі затым радавымі, а некаторыя з іх – і дзяржаўнымі. Так, у аснове амаль усіх дзяржаўных гербаў еўрапейскіх краін былі радавыя гербы дынастый. Напрыклад, на гербе Даніі – тры блакітных леапарды на залатым полі, усеяным чырвонымі сэрцамі. На гербе Швецыі львы падтрымліваюць шчыт, яны ж знаходзяцца ў другой і трэцяй частках шчыта самога герба. Леў і на гербе Фінляндыі. На гербах Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга таксама леў – старажытны герб герцагаў Бургундскіх. Льва можна ўбачыць і на гербах іншых краін. А на гербах Аўстрыі, Албаніі, Балівіі, Германіі, Інданезіі, Ірака, Калумбіі, Лівіі, Мексікі, Польшчы, Сірыі і многіх іншых краін прысутнічае другі старажытны сімвал дзяржаўнай улады – арол.