Нацыянальныя і дзяржаўныя сімвалы Беларусі - страница 3

Шрифт
Интервал



Сімвалы Беларусі не маюць ні выявы арла, ні выявы льва. Тым не менш іх гісторыя пачынаецца ў глыбіні вякоў амаль адначасова з гісторыяй беларускага народа. Менавіта аб гэтым і будзе аповед, які, спадзяюся, будзе карысны не толькі тым, хто цікавіцца гісторыяй і геральдыкай, але і ўсім жыхарам нашай краіны і яе суседзяў.

Герб

Першыя гербы, як гербы ў поўным сэнсе гэтага слова, з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі прыкладна ў XIV ст. Яны, у адрозненне ад рыцарскіх заходнееўрапейскіх гербаў, мелі іншае паходжанне. З незапамятных часоў нашы продкі балты-лiцвіны і славяне-крывічы карысталіся рознымі сiмвалiчнымi знакамі, якія служылі ім не толькі знакамі маёмаснай прыналежнасці, але i знакамi-абярэгамi, якія павінны былі дапамагаць іх уладальнікам у паўсядзённым жыцці або абараніць іх падчас вайсковай справы. Выявы гэтых сімвалаў змяшчаліся як на прадметах бытавога ўжытку (упрыгожанні, жыллё, адзенне i г. д.), так i на прадметах вайсковага рыштунку (зброя, сцягі i г. д.).

Традыцыі гэтыя зарадзіліся яшчэ ў паганскія часы, а хрысціянства затым прынесла свае асаблівасці: так, напрыклад, у якасці абарончых сiмвалаў-абярэгаў воіны сталі выкарыстоўваць выявы анёлаў або святых, якіх лічылі сваімі нябеснымі заступнікамі. Вядома вялікая колькасць разнастайных геральдычных знакаў, якія таксама выкарыстоўваліся ў якасці вайсковых сiмвалаў-абярэгаў. У шматлікіх летапісах, на фрэсках i барэльефах сабораў i цэркваў, на іконах, у археалагічных крыніцах знаходзім звесткі аб гэтых знаках. Часцей за ўсё гэта геаметрычныя фігуры: прамыя або касыя («андрэеўскiя») крыжы, зоркі з чатырма, шасцю або васьмю канцамi-промнямi, радзей – рэальныя або міфічныя істоты.



Таму першыя ўласныя гербы таксама мелі просты выгляд. Часцей за ўсё гэта былі спалучэнні розных ліній, часта выкарыстоўваліся эмблемы, асновай якіх з’яўлялася выява стралы, мяча, крыжа, падковы або маладзіка.



Знакі Рурыкавічаў (В. С. Драчук «Дорогами тысячелетий»)


Напрыклад, уласным гербам Вялікага князя Альгерда (1345—1377) была выява крыжа з джаламі стрэл уверсе i ўнізе.


Пячатка и магчымы герб Вялікага князя Альгерда


Гербам Вялікага князя Вітаўта быў відазменены герб «Трызуб», які атрымаў назвы «Слупы Гедымiнавiчаў», або «Калоны»:



Сам жа «Трызуб» з’яўляецца стылізаванай выявай пікіруючага ўніз сокала – радавога знака-татэма даіндаеўрапейскага часу.