Прамы ж крыж, ці чатырохпрамянёвая зорка, – гэта сімвал росквіту i стварэння, сімвал усёабдымнай сілы Бога. Разыходзячыся ва ўсе бакі свету, яна ўяўляе сабой сімвал квітнеючага Сусвету.
Не менш за Дажбога шанавалі нашы продкі i бога Ярылу. Па іх уяўленнях, Ярыла – гэта сын Дажбога, юнак, які верхам на белым кані аб’язджае зямлю. Ён апрануты ў белую кашулю, басаногi, у руках трымае жытнія каласы, на галаве – вянок з палявых кветак. Па слову маці сваёй, жонкі Дажбога, багiнi Лады, Ярыла адчыняе вароты нябёсаў i з’язджае з неба на зямлю – у гэты час пачынаецца вясна.
Прыняцце хрысціянства Полаччынай было больш доўгім па часе i больш мірным па спосабе, чым гэта было ў Кіеўскай Русі, якую «Пуцята хрысціў мячом, а Дабрыня – агнём», таму ў свядомасці беларусаў хрысціянства да сённяшняга дня мірна ўжываецца з паганскімі вераваннямі i звычаямі. У немалой ступені гэтаму спрыяла i сама царква, служыцелі якой, стараючыся вынішчыць у паствы паганскія вераванні i абрады, прызначалі дні хрысціянскіх свят на дні паганскіх, а хрысціянскіх святых «прызначалі» замест паганскіх багоў быць нябеснымі патронамі спраў зямных. У выніку гэтага ўладаром маланкі i грому стаў святы Iлля, ён жа стаў заступнікам падарожнікаў i воінаў. Грамавы знак Перуна (шасцiпрамянёвая зорка, ці кола з шасцю спіцамі) пад уплывам хрысціянства пераўтварыўся ў шасцiканцовы роўны крыж (іншая назва – падвоены крыж), які таксама лічыўся знакам-абярэгам воіна на полі бітвы. Як i маланка на небасхіле, выява гэтага шасцiканцовага крыжа – срэбная (белая) ці, радзей, залатая (жоўтая) на блакітным ці цёмна-блакітным полі.

Гэты крыж мае падабенства са старажытным каталіцкім крыжам «Свечыц» (у яго пашыраюцца канцы), а таксама з праваслаўным патрыяршым крыжам i крыжам Святой Еўфрасінні Полацкай (іх верхняя перакладзіна карацей за ніжнюю).
Дарэчы, патрыяршыя крыжы прысутнічаюць у дзяржаўных гербах Венгрыi, Славакii, Лiтувы i некаторых іншых кран.
У еўрапейскай геральдыцы існуе некалькі назваў падвойнага крыжа: «патрыяршы», «ларанскі», «венгерскі», «архіепіскапскі», «бенедыктынцаў», а таксама «крыж Кірылы і Мяфодзія».
Але ўсе гэтыя назвы адпавядаюць толькі асобным перыядам гісторыі, а назва «патрыяршы крыж» сведчыць, што крыж такой формы выкарыстоўваецца ў якасці знака адрознення патрыярхаў царквы.