Сляза ляза - страница 4

Шрифт
Интервал


Паміж часам у снах на Дзяды…
За гадамі імкнуцца стагоддзі,
Рысакамі імклівызх падзей.
У імгненнях народжаных богі
Стынуць зоркамі ў бляску вачэй.

«Пакрысе ападае лістота…»

Пакрысе ападае лістота,
Пад нагамі – пажоўклае лета…
Час ад часу прымроіцца мора,
Нібы з іншага, дзіўнага, свету…
Час ад часу душа ўскалыхнецца
І паймкнецца да сонца чужога.
Нібы сон, ты за ёю, здаецца,
Пралятаеш бясконцасць прасторы.
У трымценні ўяўялення жывога,
У аблоках, паветры, міжчассі…
Пірэнэйскаю поўнішся воляй,
І глытком каталонскага шчасця.
Там, дзе пальмы, пакінута нешта,
Там, дзе цыпрыс, вякуе усмешка…
Ад пачуццяў па восені рэшта
Застанецца, як пані Франчэска,
Застанецца, каб, мабыць, употай
Павясці за сабой ў далягляды,
Праз залевы, віхуры, праз слоту,
Праз пустэльні, гаі і праз ляды.
І, калі ачуняеш, прачнешся —
Незнарок успаміны ўзгайдаеш,
Краявід жоўтаскуры прал’ецца
Крыху горкай, прывезенай кавай…

Спатканне

Адчую сябе прыціснутым да краю непазбежнага твайго імя.

(Х. Картасар)

Калі ты падыдзеш, убраная ў вечнасць,
Калі пасміхнешся, як сонца між зор,
Схаваю і я сваю недарэчнасць
У торбу жаданняў збянтэжаных слоў.
Няхай і не блізка, няхай й недалёка,
Бурштынавых поглядаў л’ецца святло.
На пацерках часу струменіцца звонка
Усмешлівых дзён тваё хараство.
Калі ты адыдзеш, пакінуўшы вырай,
Калі азірнешся усмешкай багоў…
На мапе спаткання велікаю плямай
Свой роспіс пакінуць акорды ваўкоў…

Паэзіі святой душа

Я – абарваны пульс Зямлі,
Сляпога лёсу Падарожнік
У кожнай кропельцы крыві,
Пакінутай на Раздарожжы.
Я – полымя антычных строф,
Фартуны вечная забава.
Часцінка вокамгненных сноў,
Апранутая ў яву.
Я – некрануты боль лясоў,
Алоўка роспіс на паперы.
Смерць і жыццё ўсіх багоў
У свечках дагарэлых.
Я – цеплыня вясковых хат,
Лучыны цень далёкі.
Славянскіх песень зоркагляд
У чужаземных скоках…
Я – звон птушыных галасоў,
Крыніцы бег шчаслівы.
Лічыльнік несказаных слоў
У хораме магільным.
Я – Чалавек, Народ, Зямля,
Дзіця імклівай Думкі.
Паэзіі святой Душа
У праявах і малюнках…

«Падманам поўніцца напой…»

Падманам поўніцца напой,
Напоем поўніцца падман.
Згадаеш шчырасці прыбой
І зноўку паляціш у зман.
Падманам поўніцца напой,
І сонца холадам імжыць,
Кранаеш сэрца моцай зор,
Але яно ўсё больш баліць.
Падманам поўніцца жыццё,
Напой разблытаны лухтой…
За поўняй праўды, як за сном,
Ты не дацягнешся рукой

Ваўчыная Поўня

Поўня бледнаскурая,