Сляза ляза - страница 5

Шрифт
Интервал


Поўня бледнатваря
Поўніць неба слёзамі,
Лёзамі халоднымі.
Паглядзі праз дахі
Змерзлага наўколля,
Паглядзі на гмахі
Снежаньскай няволі.
І пачуй як быццам
Воўчы сум замерзлы —
Воўкі – гэта богі,
Што згубілі ногі і
На лапах ў поўсці
Шчэраца ікласта,
Выскал тайны шчасця,
А, быць можа, праўды,
Той спрадвечнай, існай,
Нібы поўня ў небе,
Быццам хлеб карыснай,
І як смерць нязменнай.
Снегавых сцяжынаў
Ты прайшоў нямала,
Але ў небе поўня,
Як твая святая,
Як твая ліхая,
Як твая нямая,
Як твая сляпая,
Тая ж, тая ж, тая ж —
З бледнай скурай й
Тварам,
Са сяйвом слязлівым,
Праўду што хавае,
У вачах ваўчыных.
У крыві людское.
У агідных рухах
Змерзлага жывога.
Поўня бледнаскурая.
Поўня бледнатварая.
Штоноч зноў ты плачаш
Ў холадзе лядашчым….

Самота воўка

ваўчкі
ў маёй душы
нібыты вочы
воўка
палохаюць людзей,
і я, самотны зноўку,
брыду да іншых пасяленняў,
а можа, іншых вымярэнняў,
дзе воўкі замест зграяў
каханне з любай
выбіраюць…

«На выпасе зоры пысамі…»

На выпасе зоры пысамі
Дакрануліся да мяне.
Рэкі рэзалі снамі-арэхамі
Сэрца срэбнае мае.
Цішыня была добрая,
Часам модная і лагодная,
Калі вуснамі светла-спакуснымі
За душу ты кранула мяне…

«У вачах тваіх …»

У вачах тваіх —
Маё натхненне.
Заплюшчанае.

Берагіня

Ты такая прыгожая,
Нібы Берагіня
Ў фатэлі
З кубачкам кавы духмянай…
Тваіх валасоў кілімы
Бярэзінай альбо
Волмай
Змягчэламу сэрцу
Даюць
Прытулак.
Пах тваёй прыгажосці
Казыча
Жывіцай жаданні…
Адлегласць між намі —
Прывіды ды
Зданні
Тваіх сябровак-ахоўніц:
Вадзяніцы,
Каўкі,
Беражніцы
Светла-пяшчотным ценем
Душы
Нечыя грэюць…
Салодкім як грэх
Вуснаў алеем
Малюеш
Мой свет
Навакольны.
Пахне мне глеем
Далёкай
Бярэзіны або
Блізкае Волмы.
Сэрца нямее,
Дранцвее,
Буцвее.
Пад покрывам Поўні
У фатэлі
Дыяруш крозаў
Гартае
Вецер самоты…
Ты такая прыгожая —
Піша ў паветры
Дымок кавы
Філігранна,
Выкштацона,
Бязмоўна.
…прачынаешся.
У кватэры —
Пах глея
І жывіцы.

Стварэнне свету

Вішняй зімовае наспеў твой сон
І нібы птушка з далоняў
Успырхнуў у неба
Празрыстае як сон
Пра птушку і
Вішню і
І зіму.
Неснагавую зусім зіму.
Час ад часу слязлівую.
Прахалодную як труну ў
Прасторы трупярняў.
Безумоўна,
Ты адзіны там з жывых
(Ці табе так падаецца?)
Бо сон, вядома, надзейны падманнік і
Падменнік
Заменнік
Жыцця, у якім
Зімовай вішняй даспявае
Богам згубленае Слова.

«Калі наўкола неспакой…»

Калі наўкола неспакой,
Бы дзідай сэрца працінае,
І слота косіць шыхты мрой —
Згадай свой край забраны.