Рака можа быць рознай: спакойнай і бурнай, паўнаводнай і мелкай, цёплай, прыемна ахалоджваючай ці скаванай ільдом, але вада ніколі не бывае бруднай сама па сабе, датуль, пакуль нехта яе не забрудзіў. Вось так і жанчына: стаіць сёння яснае ціхае надвор'е – яна спакойная і лагодная, заўтра набяжыць ветрык – настрой пачынае рабаціць, вецер узмацніцца – жанчына ўсхвалюецца, уздыбіцца, страсці распаляцца. А паўночны падуе вецер – зусім замярцвее, астыне і душой, і целам. Узмоцніцца вецер, надзьме ў празрыстыя воды ракі пяску, гразі, смецця… а жанчыне што рабіць? не можа яна сама пазбавіцца ад бруду, як тая рака. Хіба што з цягам часу асядзе ўсё на самае дно душы. Асядзе, але не знікне зусім.
Ведаеце, акрамя чатырох змешчаных у Бібліі евангелляў, ёсць яшчэ адно, не ўвайшоўшае ў склад кнігі і таму малавядомае – «Евангелле ад Фамы». Там ёсць такія радкі (27): «…Ісус сказаў: «Калі станеце двое адным, а ўнутранае стане як знешняе, і знешняе як унутранае, а высокае быццам нізкае! І калі зробіце з мужчыны і жанчыны адзінае, каб мужчына больш не быў мужчынам, а жанчына – жанчынай; тады ўвойдзеце ў царства». І яшчэ (118): «Ісус сказаў: «Вось я вазьму яе [Марыю] з сабой, каб зрабіць яе мужчынам, каб і яна стала жывым духам, падобным вам, мужчынам. Таму што ўсялякая жанчына, каторая стане мужчынам, уступіць у царства нябеснае».
Жанчыну зрабіць мужчынам. Гэта як? Думаю, што не тым шляхам, якім большасць жанчын вымушаны станавіцца «мужчынамі» зараз – праз часам міжвольнае адпавяданне вядомай прымаўцы «Я і конь, я і бык, я і баба, і мужык». Гэтак атрымліваецца ад безвыходнасці.
Жанчына можа ператварыцца на мужчыну, а, дакладней, стаць андрагінам, толькі пры ўмове пастаяннага знаходжання пры тэмпературы кіпення; трэба гарэць – любоўю, ідэяй, работай, сям'ёй. «Царства Божага» дасягнуць выкіпеўшыя да самага дна. Жанчына, імкнучаяся да цэласнасці, павінна навучыцца ва ўсё ўкладваць душу.
Вецер і мужчына: няўлоўны, ветрагон, у яго вецер у галаве, шукай ветру ў полі, кідае словы на вецер, трымае нос па ветры. Сустракалі такіх? Іх няма ў чым дакарыць, з прыродай не паспрачаешся. І цяпер зразумела, якім «ветрам» часам бывае жанчыне дзіцё «надзьме» – красамоўным.
Мужчынам, намагаючымся стаць андрагінамі (самадастатковымі), мае сэнс ператварыцца ў фізічнае паняцце «вадкае паветра» – трэба набыць недастаючыя жаночыя якасці: апусціцца з нябёсаў на зямлю, замяніць легкадумнасць глыбакадумнасцю, імкнуцца да рэалізацыі сваіх паветраных збудаванняў.