Мястэчка - страница 12

Шрифт
Интервал


– Пі! – строга прамовіў.

Даша замахала рукамі, затупала ножкамі.

– Не хачу! – прадраліся словы праз сліну. – Вельмі дрэнна, – перайшла на паўшэпт і абмякла, ногі падкасіліся.

– Яна чо, таго? – спалохалася Таня.

– Не, вырубілася, – адказаў Мікалай Міхайлавіч. – Зараз спаць будзе. Крызіс мінуў.

– А чо з ёй было?

– Не піла яна, мабыць, ніколі. А вы яе, не шкадуючы, відаць, спансавалі. Атручванне ў яе алкагольнае ці алергія на спіртное.

– І чо цяпер?

– Чо-чо? – перадражніў Таню Мікалай Міхайлавіч. – Калі размаўляць навучыцеся? Спаць будзе. Толькі яе дамоў трэба неяк…

– Я зараз патэлефаную, – дастала Таня мабільны, набрала нумар Дашынай сястры. Доўгія гудкі. Яшчэ раз набрала. Тое ж самае. Трэці раз набрала. Зноў безвынікова.

– Добра, паказвай дарогу, – узяў Дашу на рукі Мікалай Міхайлавіч, накіраваўся прэч з прыбіральні.

Вартаўніку ён сказаў, што хутка вернецца. Ісці сапраўды было недалёка. Нейкіх паўтары сотні метраў.

Мікалай Міхайлавіч прыкрыў Дашу сваёй курткай ад дажджу, які, хоць і прыцішэў, але не спыніўся, на галаву сабе нацягнуў бейсболку. Таня ішла побач пад парасонікам.

Дзверы ў кватэру адчыніў Дашын тата. Мама з'ехала напярэдадні з сяброўкамі і знаёмымі, усяго каля дзесяці чалавек, на мінібусе ва Украіну гандляваць.

– Добры вечар, Сяргей Мікалаевіч, – прывіталася Таня.

– Прывітанне, – здзіўлена ўтаропіўся на нечаканых гасцей сярэдніх гадоў высокі мужык у белай футболцы і ў спартовых портках з лампасамі.

– Дазволіце? – ветліва папрасіў Мікалай Міхайлавіч прапусціць яго ў кватэру. Дашын тата збочыў.

– Налева адразу, – падказала Таня дарогу Мікалаю Міхайлавічу.

Яны разам увайшлі ў пакой. Таня разаслала пасцель, Мікалай Міхайлавіч паклаў Дашу, разуў і сцягнуў з яе «пачку». Потым накрыў коўдрай.

– Наўродзе ўсё, – сам сабе сказаў.

– Што, уласна… – дрэнна цяміў Дашын тата.

– Усё ў парадку, – усміхнуўся яму Мікалай Міхайлавіч. – Проста заснула ваша дачка. Будзіць было няёмка. Так што і вы не турбуйце яе, калі ласка. Ну, усяго добрага!

– Да пабачэння, Сяргей Мікалаевіч, – развіталася і Таня, спяшаючыся за Мікалаем Міхайлавічам.

– Да пабачэння, – прамовіў услед Дашын тата, паціскаючы плячыма.

Выйшаўшы з пад'езда, Мікалай Міхайлавіч спыніўся, памацаў па кішэнях, дастаў цыгарэту, закурыў.

– Далёка не хавайце! – адважнай хадой прадэфіляваў Хвалей блізка ад Мікалая Міхайлавіча і дзяўчыны. А непадалёк паўколам пасталі сямёра дзецюкоў, значна старэйшых за Хвалея, з яго двара.