Мястэчка - страница 13

Шрифт
Интервал


– Курыць шкодна, – заўважыў Мікалай Міхайлавіч.

– Шкодна не курыць, – парыраваў Хвалей.

– Яно і відаць, – усміхнуўся Мікалай Міхайлавіч.

– Хвалей, ты чо? Ачмурэў? – Гэта Таня.

– Затухні, аўца! – прамовіў Хвалей.

– Імбецыл! – выдала Таня, прадбачліва схаваўшыся за спіну Мікалая Міхайлавіча.

– Выбачся! – ветліва папрасіў Мікалай Міхайлавіч Хвалея.

– Чуеш, дзядзька, – падышлі астатнія, але казаў адзін. У святле вулічнага ліхтара Мікалай Міхайлавіч добра разгледзеў падонкаватую фізіяномію чалавека, які, хутчэй за ўсё, нядаўна вызваліўся. – Не табе вучыць манерам нашых хлапцоў.

– А ці табе? – усміхаўся Мікалай Міхайлавіч.

– А чо, я за настаўніка не сыду? – заіржаў той, і ўсе заіржалі.

Мікалай Міхайлавіч не стаў чакаць, пакуль на яго нападуць. Ён ударыў першым. Закон нечаканасці заўсёды спрацоўвае. Хвалей атрымаў не балюча, але непрыемна. Астатнія разляталіся ад шалёных, хуткіх і ўдалых кулакоў Мікалая Міхайлавіча, як кеглі. Не падставіўся пад іх толькі былы вязень. Ножыкам пачаў палохаць.

– Паслухай, шаноўны, – сказаў яму Мікалай Міхайлавіч, – я не хачу цябе калечыць. Давай разыдземся мірам. Твой хлапец сам вінаваты, біў па галаве дзяўчынку, хацеў пацэліць нагой у жывот. Правільна гэта, як па-твойму?

– Не, – скрыгочучы зубамі, падумаўшы, адказаў той.

– Ну так мы пойдзем? – узяў за руку Мікалай Міхайлавіч Таню, якая з жахам і захапленнем адначасова назірала за ўсім, забыўшыся нават парасонік адкрыць.

– Валі, – гэтак жа працадзіў падонкаватага выгляду малады чалавек, сплюнуўшы пад ногі.

Упэўнена чаканячы крок, Мікалай Міхайлавіч накіраваўся да Дома культуры.

– Ваша куртка, Мікалай Міхайлавіч, – працягнула яму дзяўчына куртку, пра якую ён забыўся, і забыўся б яе ў Белых дома, калі б не Таня.

А дыскатэка заканчвалася, заставалася зусім крыху – і аб’явяць апошнюю павольную кампазіцыю.

Таня забегла на другі паверх, дзе яе сяброўкі ўжо ўсё дапілі і даелі і прымаліся за ўборку.

– Ну чо там Белая? – пацікавілася Аля.

– Абрыгалася ўся, – сумна адказала Таня. – Мы яе з Мікалаем Міхайлавічам дадому праводзілі. – Потым вочы Таніны ўспыхнулі, як зоркі. – Але вы б бачылі, як Мікалай Міхайлавіч махаецца!..

– А што здарылася? – былі заінтрыгаваны дзяўчаты.

Не прапускаючы ніводнай дэталі, часам выдумляючы, Таня распавяла пра сутычку, а слухачкі слухалі яе, нібы вучні на цікавым для іх уроку, перапытваючы, дзе незразумела.