Мястэчка - страница 16

Шрифт
Интервал


– І чо зараз рабіць? – прасіла Даша рады.

– Ну, калі сорамна за ўчорашняе, – прамовіла Вера, – значыць, «свята» атрымалася. Ты хоць памятаеш, што нарабіла?

– Месцамі, – адказала Даша.

– Спытаеш у Тані Паўлоўскай, – падказала Вера, – яна ў падрабязнасцях распавядзе.

– Ды ўжо ж, – уздыхнула Даша. – А ты як пагуляла? – спытала.

– Афігенна! – зарумянілася Вера.

– Добра табе.

– Не зайздросць. Не за гарамі і да цябе гэта прыйдзе.

– Хутчэй бы.

– Добра, давай дуй у душ, – прапанавала Вера, – а то ты на мурзатага чарцяня падобная…

– Вер, ты калі з'яжджаеш? – перабіла сястру Даша.

– Заўтра. Мяне Цімур адвязе. А што?

– Пафарбуеш мяне яшчэ раз? – папрасіла Даша. – А далей я сама.

– Ты сур'ёзна?!

– Гэта маё, Вер, я адчуваю.

Даша вылезла з-пад коўдры і зашлёпала босымі нагамі ў ванны пакой.

Дзея другая

Эпізод 6

Школу чакаў сюрпрыз. Зрэшты, сюрпрызы школа атрымлівала кожны дзень. Наўрад ці яшчэ адзін штосьці б змяніў у яе творчай біяграфіі. Нагледзелася за некалькі дзясяткаў гадоў існавання. Але дзеці ёсць дзеці – вялікія фантазёры і выдумшчыкі. Куды там да іх дарослым, чыё ўяўленне, на жаль, прымітыўнае. У каго яно не затупілася, як аловак, тыя сталі пісьменнікамі або мастакамі, творчымі людзьмі.

А пакуль дзеці застаюцца дзецьмі – дарослыя, як на вулкане. І іх, дарослых, вельмі раздражняюць няўрымслівасць і неардынарныя паводзіны дзяцей, што вядуць да непаразумення і непрыняцця як асобы. У дарослых усё проста. Павінна быць так, як яны вырашылі ці сказалі, і ніяк інакш. Пакуль дзіця несамастойнае, пакуль ім займаюцца адмысловыя сацыяльныя інстытуты, то бок бацькі, дзіцячы сад, школа, прафтэхвучэльня, і думаць не мажы пра праяву якіх-небудзь асобасных якасцяў. Дарослы чалавек, асабліва настаўнік, заўсёды лепш за дзіця ведае, што таму патрэбна, нават калі не мае рацыі ў гэтым веданні. Дзіця абавязана быць кірованым, быццам яно таксі якое. У адваротным выпадку заяўляецца, што дзіця псіхічна ненармальна і яго неабходна ізаляваць ад астатніх дзяцей, пакуль тыя не заразіліся той жа хваробай, як вірусам. Ох, як баяцца дарослыя незразумелага, не жадаюць углыбіцца ў праблему і разабрацца. А патрэбна – усяго нічога. Уважліва паставіцца да захаплення дзіця, удумліва, часам і для сябе чаго-небудзь запазычыць. Дык не. Дарослыя лепш усё ведаюць, таму што яны больш пражылі. Іх жыццёвы досвед значна багацейшы. А тое, што эвалюцыя не стаіць на месцы, – не хвалюе. Безумоўна, не ўсе дзеці развіты аднолькава, зрэшты, як і дарослыя, але часцей за ўсё і тых, і другіх імкнуцца пазачэсваць пад адзін грабянец. Аднак праблема бацькоў і дзяцей менавіта ў адмаўленні дзіцячага свету як роўнага даросламу. Толькі таму адбываецца большасць катастроф і драм.