Блін, так закарцела з кімсьці параіцца, падзяліцца самым патаемным, ды проста пабалбатаць урэшце рэшт… Таня Паўлоўская, здаецца, нічога, як чалавек. На танцы ў Дом культуры ходзіць. Павінна адэкватна аднесціся, калі Даша прапануе ёй сяброўства. Толькі сядзіць яна заблізка да настаўніцы. Зразумела, ніякім падхалімажам ці яшчэ чым-небудзь падобным Паўлоўская не вылучалася, і сябровак у класе, здаецца, у яе не было…
Дзесяць гадоў знаёмы, а як чужыя.
Вырашана, трэба стусавацца з Паўлоўскай. З ёю будзе не сумна.
Эпізод 2
– Тань! – паклікала Даша аднакласніцу, даганяючы яе пасля ўрокаў. – Таня! Паўлоўская!.. Пачакай!..
– Чаго табе? – азірнулася тая, спыніўшыся на паўдарозе ад выхаду з школы.
– Адыдзем? – прапанавала Даша, параўняўшыся з Паўлоўскай, каб не замінаць натоўпу вучняў пазбаўляцца ад цяжару школьных сцен.
– Навошта? – запытала Паўлоўская, аднак рушыла ўслед за Дашай да найбліжэйшага акна.
– Разумееш, – узяла Даша аднакласніцу за руку, – я тут падумала, карацей…
– Кастальцаў, зыр, – заўважыў дзяўчат Хвалей, які накіроўваўся да школьных дзвярэй у кампаніі з Кастальцавым і яшчэ некалькімі «пэцанамі» з паралельнага класа, – Белая з Паўлоўскай, як «галубцы»…
– Лесбі, – паправіў яго Кастальцаў, дэманструючы сваю дамінуючую дасведчанасць і ўзіраючыся ў аднакласніц, якія хутка схавалі свае рукі за спіны. – І хто з вас актыў, а хто пасіў?
– Адвалі, Кастальцаў! – прамовіла Таня рашуча.
– А то чо? – бясстрашна выгукнуў Хвалей.
– Дратуй адсюль, ці дрэнна даходзіць? – крыкнула ў бок Хвалея Даша.
– Дрэнна, не тое слова! – не разгубіўся Хвалей.
Дашай раптам авалодала такая страшная непрыязнасць да гэтага прадстаўніка мужчынскага роду, што яна ледзь стрымлівала сябе. На падаконніку дзяўчына намацала падручнік, кімсьці, мабыць, забыты, схапіла яго і шпурнула ў Хвалея. Хлопец ухіліўся, але быў крыху збянтэжаны.
– Чуеш, – выціснуў ён, – Белая! Ты чо, шалёная?
– Гэта ў яе абвастрэнне восеньскае, – прыдумаў Кастальцаў і засмяяўся. Уся кампанія засмяялася таксама, патураючы лідару.
– Ха-ха-ха, Кастальцаў, як смешна, – парыравала Таня.
– Так, Кастальцаў! – Невядома адкуль з'явілася геаграфічка Наталля Франсаўна. – Што тут у вас адбываецца? Чаму дадому не ідзем? Ці жадаеце на дадатковыя заняткі застацца? Я ўладкую.
– Чаму адразу Кастальцаў? – роблена абурыўся той.