Мястэчка - страница 20

Шрифт
Интервал


– У медпункт не трэба, – растлумачыў юнак.

– Але кроў трэба неяк спыніць…

– Сама спыніцца.

– Не сама, – заявіла Даша. – Пойдзем спачатку памыешся, а потым пракладкай заціснеш. Толькі капюшон на вочы нацягні, каб не свяціцца.

Утрох яны ўвайшлі ў школу. Прывіталіся з дзядзькам Пецем, які трымаў вахту з нязменнымі крыжаванкамі на стале.

– Званок для каго празвінеў? – палічыў абавязкам зрабіць заўвагу вучням дзядзька Пеця для падтрымкі ўласнай значнасці.

– Для настаўніка, – адгукнулася Таня.

– Груба, – вымавіў дзядзька Пеця і дадаў: – Але вымушаны пагадзіцца, што дакладна.

– А то, – падтрымала сяброўку Даша. Яна своечасова падхапіла Пінокіа, які раптам захістаўся, кіруючы да кута калідора на лесвіцу. Пінокіа, робячы няўпэўненыя крокі, ледзь не паваліўся сякеркай. Падстаўленае Дашына плячо выратавала яго ад магчымага пабітага носа. Аднак Дашы зусім не падабалася цягнуць на сабе не такога ўжо і лёгкага, як здавалася на першы погляд, заступніка.

– Блін, Пінокіа, – асела яна, – ты хоць дапамагай мне мала-мала, варушы поршнямі.

– Прабач, Даша, – прашаптаў Пінокіа, – галава закружылася.

– А жопа ў цябе не закружылася? – вырвалася ў дзяўчыны.

Таня падставіла сваё плячо. Ужо не так цяжка. Удваіх яны давалаклі Колю да жаночай прыбіральні на друхім паверсе. Далей цягнуць не было сіл.

– Давай заходзь, – адчыніла дзверы Таня. – Тут цябе ніхто не патурбуе.

– Ды не ламіся ты, – падпіхнула аднакласніка Даша. – Упіраецца яшчэ. – Увайшла следам за ім.

Таня адчыніла фортку, узлезла на падаконнік, Даша прысуседзілася побач. Пінокіа плёскаўся ў ракавіне. Таня закурыла. Даша папрасіла ў яе цыгарэту.

– А не самлееш? – перасцерагла тая сяброўку, нагадаўшы суботні інцыдэнт. – Важдайся потым з двума інвалідамі.

– Не жміся, – параіла Даша. – Горш не будзе.

– Ды мне не шкада, – працягнула Таня цыгарэту і запальнічку. – Калі чо, – папярэдзіла, – не ный потым.

– Блін, во мужык пайшоў! – закурыўшы і паціраючы плячо, сказала Даша. – Хліпкі, няўстойлівы.

– Не скажы, – паспяшалася запярэчыць сяброўка. – Мікалай Міхайлавіч цябе ўсю дарогу на руках нёс.

– Толькі я гэтага не памятаю, – уздыхнула Даша.

– Затое памятаю я, – запэўніла Таня. – Павер, гэта было.

Даша дастала з торбы пачак пракладак, вынула з пачака адну, працягнула Пінокіа.

– Разламі яе як-небудзь і ў рот зафігач, – сказала. – І не крывіся, кроў спыніш. І, – быццам нешта ўспомніўшы, дадала: – дзякуй табе.