Мястэчка - страница 21

Шрифт
Интервал


– Завошта дзякуй? – спытаў Пінокіа, прымаючы пракладку.

– Слухай, не рабі з мяне ідыётку. І не прымушай усумніцца ў табе, а то я падумаю, што памылілася, – адказала Даша.

– Праехалі, – скончыў спрэчкі Пінокіа.

– Чо рабіць будзем? – дакурыўшы, спытала Таня ў прысутных.

– А чо рабіць? – паціснула плячыма Даша.

– Ну не ў сарціры ж сядзець, засмуродзімся, – заўважыла Таня.

Раптам адчыніліся дзверы і ў прыбіральню зайшла Марыя Пятроўна.

– Не зразумела?! – утаропілася яна на Пінокіа, які стаяў пасярод памяшкання з разарванай пракладкай у руцэ, і на дзяўчат ля акна, якія, хоць ужо і пакурылі, але дым да канца не выветрыўся, але больш на Пінокіа. – Што тут за пасядзелкі? Чаму не на ўроку? Што ты наогул робіш у жаночай прыбіральні? – накінулася яна на Колю.

– Не крычыце на яго, – уступілася за юнака Даша. – Ён ахвяра абставін.

– Гэта хто там такі разумны? – перакінуўся позірк Марыі Пятроўны, маленькай, кругленькай, як піражок, але звонкай жанчыны. – Белая, ты? Што за карнавал? Зараз жа змыць! Ты ў школу прыйшла ці куды? Будзь ласкава адпавядаць!

– А я адпавядаю, – сказала Даша. – Самой сабе.

– Так, – стрымліваючы гнеў, але раз'юшана раздзімаючы ноздры, прамовіла Марыя Пятроўна, – тут не месца і не час для спрэчак. Жыва ўсе трое выйшлі прэч адгэтуль, і каб я вас праз дзве хвіліны бачыла ў кабінеце рускай мовы і літаратуры!

– У нас хімія па раскладзе, – успомніла Таня.

– Я бачу, Таня, – заўважыла Марыя Пятроўна, – не сляпая, што ў вас хімія. Марш у клас! – раўнула так, што шкло ў вокнах задрыжала.

– У які? – удакладніў Пінокіа.

– Коля, не тупі, калі ласка.

– Выходзь, Пінокіа, – Таня падпіхнула аднакласніка да дзвярэй і шэптам дадала: – А то класуха пі-пі ў трусы наробіць.

– Зразумеў, – кіўнуў той, і аднакласнікі выбеглі ў калідор.

Кабінет рускай мовы і літаратуры, куды адправіла іх Марыя Пятроўна, быў пусты. Класуха рыхтавалася да свайго ўроку, другому па раскладзе. Яна магла б наогул не прыходзіць з самай раніцы. Аднак, мабыць, дома часу на праверку сшыткаў з сачыненнямі падапечнага класа бракавала. Таня першаю заўважыла сшыткі на стале, адзін разгорнуты.

– Зазірнём? – прапанавала Дашы і Пінокіа.

– Атас! – спыніў яе Коля, пачуўшы крокі, якія набліжаліся за дзвярыма.

– Хутка яна, – прамовіла Даша, сядаючы за першую парту ад акна. З ёю побач села Паўлоўская. Пінокіа заняў парту за імі.