Мястэчка - страница 31

Шрифт
Интервал


Вярнуўшыся пасля рэпетыцыі дамоў, Юля набрала нумар Пінокіа, зачыніўшыся ў сваім пакоі, каб ніхто не падслухаў. Яна наогул не любіла, калі хто-небудзь слухаў яе размовы па тэлефоне. Коля адказаў, здзіўлена спытаўшы, хто гэта?

– Ты мяне не ведаеш, – сказала Юля ў трубку. – Але я вельмі хачу з табой пазнаёміцца.

– Калі гэта жарт такі, то вы не па адрасе, дзяўчына, – запярэчыў Пінокіа.

– Не вешай трубку, калі ласка, – папрасіла Юля. – Над табой ніхто не жартуе. Мне рэальна патрэбна твая дапамога.

– Але мы ж не знаёмыя, – прагучаў адказ. – Чым я змагу дапамагчы незнаёмаму чалавеку?

– Шмат чым, – запэўнівала Юля. – Давай сустрэнемся, – прапанавала.

– Я прыйду, як дурань, – ізноў засумняваўся Пінокіа, – а ты пасмяешся з сяброўкамі ці сябрамі над разведзеным лохам?

– Навошта ты так? – сумна прамовіла Юля. – Я не такая.

– А якая?

– Табе спадабаецца.

– Гэта несур'ёзна, – вырашыў скончыць размову Пінокіа.

– Ведаеш пустку за ваенкаматам? – спытала тады Юля.

– Дапусцім, – адказаў Коля.

– Праз паўгадзіны на пустцы, – прапанавала Юля.

– Ты не прыйдзеш, – сумняваўся Пінокіа.

– Вось і праверыш.

– Як я цябе пазнаю? – нарэшце зацікавіўся Пінокіа.

– Я прыгожая, не дурная. Да таго ж на пустцы, акрамя мяне, нікога не будзе.

– Навошта прыгожай і не дурной знаёміцца з такім, як я? – ізноў сумневы.

– Каб павялічыць тваю самаацэнку, – прагучаў адказ. – Я чакаю. Час пайшоў.

Юля адключыла тэлефон. Яна дала Колю паўгадзіны, таму што ісці яму было далекавата ад Цэнтра да новабудоўляў. Гэта ёй – выбегчы з пад'езда і завярнуць за вугал дома. Аднак уседзець між чатырох сцен Юля не магла. Яна пайшла на пустку да пакінутых пасля будоўлі бетонных пліт, складзеных адна на адну. Іх было пяць. Юля забралася на пятую, самую верхнюю, села на край, звесіўшы ногі.

Пачынала цямнець. Сюды ніхто не хадзіў. Пустка нікога не прыцягвала. Тут не схаваешся, калі што якое. Вецер прадзьмуваў. Але Юля не баялася ветру. Яна лічыла яго сябрам, гэтак жа, як і зоркі, якія паволі ўспыхвалі ў нябеснай далечы. Толькі ім дзяўчына давярала свае вершы, чытала ўголас, слухала сябе і вецер. Зоркі і вецер верылі Юлі, захоўвалі ўсе яе сакрэты і слёзы.

Пінокіа спазняўся. Юля паглядзела на гадзіннік. Паўгадзіны даўно мінулі. Але ёй не хацелася верыць, што ён не прыйдзе. Яна азябла, цела біла дрыготка. Вецер, адчуваючы, што Юля знайшла кагосьці яшчэ апроч яго, раўнаваў. Стала яшчэ цямней. Юля не сыходзіла.