Людзі задаюцца пытаньнем, дзе знаходзіўся Эдэмскі сад? Выказваюцца розныя варыянты. Але трэба разумець, што Рай – гэта сымбаль жыцьця разам з Богам, у Яго таварыстве. Настрой сумеснага жыцьця з Богам цудоўна адлюстраваны на адным з габэленаў з 16 веку «Гісторыя раю», на якім адлюстраваныя сцэны: Стварэньне Адама, Стварэньне Евы, Забаронены плод, Бог знаёміць Адама і Еву з Раем, Першародны грэх, Выгнаньне з Раю.
Бог знаёміць Адама і Еву з раем. Фрагмент габелена, 16 век. Вавельскі замак, Кракаў. Марка пошты Польшчы, выдадзеная ў 1970 годзе
Бог у выглядзе пачцівага старца па – прыяцельску размаўляе з Адамам і Еваю, паказваючы Дрэва Жыцьця.
Вітраж з выявай Дрэва Жыцьця ў францысканскай капліцы ў Сарбуре – самае вялікае Вітражнае акно, выкананае Маркам Шагалам у Эўропе (вышыня 12 мэтраў, шырыня 7,5 мэтраў; вагою 900 кг, 13 000 кавалачкаў шкла). Марк Шагал казаў: «Вітраж зьяўляецца празрыстай сьцяной паміж маім сэрцам і сэрцам сьвету». Аснову ўсёй кампазыцыі вітража складае велізарнае маляўнічае Дрэва Жыцьця, больш падобнае на пышны букет кветак.
Шагал робіць акцэнт на незвычайнай прыгажосьці Райскага дрэва, якое, паводле Сьвятога Пісаньня, зьяўляецца цэнтрам Раю: «І выгадаваў Гасподзь Бог зь зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла» (Быцьцё 2:9).
Сьвет. Фрагмэнт вітражу (1974—1976). Францысканская капліца ў Сарбуры. Марк Шагал (1887, г. Віцебск, Беларусь – 1985, Сэн-Поль-дэ-Ванс, Францыя). Блёк пошты Францыі, выдадзены ў 2017 годзе
На фоне Дрэва Жыцьця на блёку дзьве маркі. На верхняй – выява Адама і Евы з гэтага ж вітражу.
Але, акрамя выгадаў, Адам і Ева атрымалі даручэньне: «І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быцьцё 2:15). І забарону: «І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш» (Быцьцё 2:16,17).
На ніжняй марцы блёку фрагмэнт карціны Марка Шагала Рай (1961). Адам і Ева, моцна абняўшыся і, як быццам утвараючы адзінае цела з двума рукамі і трыма нагамі, вось-вось парушаць забарону, зьведаюць забаронены плён Дрэва спазнаньня дабра і зла, што павінна зробіць іх «роўнымі» Богу.