Біблейскія гісторыі Старога Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Знаёмства са зьместам Бібліі і яго адлюстраваньнем у мастацтве - страница 9

Шрифт
Интервал


«І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму» (Быцьцё 2:18). «І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека» (Быцьцё 2:22).


Стварэньне Евы. Карціна невядомага аўтара з царквы Сьвятога Стэфана ў Лісабоне. Марка пошты Партугаліі, выдадзеная ў 2012 годзе


З правага боку маркі цытата з Кнігі Быцьця: «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі» (Быцьцё 1:27,28).

Рафаэль стварыў сэрыю з 52 карцін, якую называюць Бібліяй Рафаэля. Адна зь іх паказана на марцы Парагваю.


Стварэнне Евы з рабра Адама (1519). Рафаэль Санці (1483—1520). Музеі Ватыкана (фрэскі), Ватыкан. Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1982 годзе


Цікава, як Мідраш (тлумачэньне вершаў Торы) апісвае стварэньне жанчыны: «… калі Усявышні ствараў жанчыну, то ўвесь час паўтараў, што яна павінна быць сьціплая. Таму не зрабіў яе з вачэй, каб яна не глядзела, куды ня трэба, з рук, каб не чапала, чаго ня трэба, з ног, каб не хадзіла, куды ня варта, з мовы, каб не казала лішняга. А рабро заўсёды закрытае рукой, ёсьць самае сьціплае месца ў целе чалавека».

Бог-Бацька немаладога выгляду з доўгай барадой укладвае «дыханьне жыцьця» у толькі што створаную Еву на фоне сельскага пэйзажу, дзе бачныя і фігуркі некаторых жывёл.


Стварэньне Евы (1575—1580). Паола Вэранэзе (1528—1588). Мастацкі інстытут. Чыкага. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1971 годзе


З нагоды 500-годзьдзя адкрыцьця фрэсак Сыкстынскай капэлы пошта Гамбіі выпусьціла блёк з выявай фрэсак Мікеланджэла. Сярод іх-Стварэньне Евы.


Стварэньне Евы. Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская капэла, Ватыкан. Марка пошты Гамбіі, выдадзеная ў 2012 годзе


У 1977 годзе пошта Ватыкану выпусьціла сэрыю марак з матывамі барэльефаў са старахрысьціянскіх саркафагаў. На адной з марак паказаны фрагмэнт верхняй левай часткі, дзе знаходзіцца самая раньняя вядомая скульптура Сьвятой Тройцы: Бога Айца, Сына і Духа Сьвятога. Сьвяты Дух стаіць за тронам Бога Айца (на марцы адсутнічае). Бацька кладзе правую руку на плячо Сына, які знаходзіцца ў акце стварэньня Евы. Паводле Біблейскага апавяданьня, Адам ляжыць на зямлі і сьпіць. Першыя хрысьціяне разумелі, што справа стварэньня чалавека была справай Божай любові.