Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793). Партрэт сярэдзіны 18 ст. Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Мн., 2006, т.6, с.227
Аляксандру Міхаілу Сапегу належалі многія паселішчы на вялікіх абшарах цяперашняй Беларусі, Польшчы ды Украіны. Але аблюбаваў ён для сваёй рэзыдэнцыі на жаль не Луна, а суседні Дзярэчын. Хаця ж Луненскія мясьціны не ўступаюць, а, на мой погляд, прыгажэйшы за Дзярэчынскія, не гаворачы, што ў Дзярэчыне няма Нёмна. У 1760—1770 гг. Аляксандр Міхал найбольш увагі аддае Дзярэчыну і будуе тут 1765 г. тэатар, а ў 1768 г. Вайсковую акадэмію для 30 сыноў вышэйшых дзяржаўцаў ВКЛ. У 1786 г. саксонец Я. С. Бэкер разам з мясцовым архітэктарам Лаўрынам Гуцэвічам будуюць палац, варты рэзыдэнцыі Сапегаў. Палац упрыгожваў картуш з гербам роду Сапегаў з выявай сьвятой для ўсіх беларусаў «Пагоні». Разам з Дзярэчынам у 18 ст. праслаўляецца на ўсю Эўропу сваімі кірмашамі невялікая дагэтуль мястэчка Зэльва. У 1720 г. Антоній Казімер Сапега атрымаў Каралеўскі прывілей на правядзеньне ў мястэчку штогадовых «ярмонок ілі торгов».
Легендарны Францішак Сапега
Аляксандр Міхал меў сына Францішка Аляксандра (1772—1829), які стане бацькам Яўстаха паўстанца. Францішак стаў ці не самым легендарным уладальнікам нашых ваколіц. Пражыўшы ўсяго 57 год, ён прыняў удзел у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі, пасьпеў адбіць каханку ў Напалеона Банапарта, сабраць вялізную колькасьць каштоўнасьцяў, старадрукаў, мастацкіх палотнаў у сваім Дзярэчынскім палацы, што пасьля вызвольнага паўстаньня 1830 г. супраць Расейскіх акупантаў канфіскаваны. З канфіскаванага Дзярэчына адных толькі карцінаў і каштоўных упрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тонаў). У 21 год Францішак ужо атрымлівае званьне генэрала артылерыі, а яго мужнасьць і адвагу засьведчыў Ордэн Сьвятога Станіслава. 22 траўня 1794 г. генэрал Ф. Сапега сканцэнтраваў сваё войска ў Дзярэчыне і далажыў у Вільню, што рыхтуецца да баявых дзеяньняў, ахвяраваўшы на паўстаньне 6 тысяч дукатаў, ды яшчэ апісаў на патрэбы паўстаньня даход з аднаго з маёнткаў у 16 тысяч рублёў. Пасьля паразы паўстаньня лёс спрыяў ці схітрыў генэрал, каб выратаваць сябе і свае маёнткі, перадаўшы пакаянны ліст да Кацярыны II? Вызвалены ад перасьледу з вялікай ласкі імпэратрыцы, Францішак едзе ў Пецярбург і дамагаецца вызваленьня Т. Касьцюшкі, які паранены сядзіць у Петрапаўлаўскай цьвердзі. Але дарэмна. Т. Касьцюшку вызваляе пасьля сьмерці царыцы Павел I, які люта ненавідзеў усё, што рабіла яго маці. А можа гэтаму паспрыяў прыём, наладжаны Паўлу I у Дзярэчыне, дзе былы паўстанец прымаў яго ў сваім палацы, падносячы каранаванай асобе легендарнага «Івана» і замовіўшы слова за свайго легендарнага галоўнакамандуючага? Не блага ўспомніць, што Францішку было ў гэты час мала больш за 20 гадоў. А ў 25 ён ужо трымаў на руках нашчадка – першынца і будучага паўстанца Яўстаха Каятана. Далей было каханьне з фаварыткай Напалеона Маргарытай Жазефінай Вальтэр, ноч, у якую, па чутках прайграў у карты 15 млн. золатам, падарожжа ў кратар Вэзувія, дзе ледзь не задыхнуўся ад вульканічнага дыму, пакарэньне горных вяршынь у Пірэнэях, дзе двойчы трапіў пад сьнегавыя лявіны, назіраньне за карыдай у Гішпаніі… Вэнэцыю параўнаў з беларускім бабром, што сядзіць у вадзе, высунуўшы галаву на паверхню, ды калекцыянаваў жаночыя пацалункі, за што заслужана атрымаў тытул ліцьвінскага Казановы. Гэта ўсё не перашкаджала Францішку Аляксандру дасылаць у Дзярэчын вазы з заморскімі кнігамі, творамі мастацтва, ды іншыя набыткі на яшчэ не народжаную радасьць Расейскіх захопнікаў.