У «Сьведчаньнях аб маёнтку Воля» за 1845—1848 гг. ёсьць запіс аб тым, што маёнтак знаходзіцца ў вотчынным валоданьні Юльяна Крывіцкага, перайшоў яму ў спадчыну ад бацькі Ксавэрыя Крывіцкага, а апошні набыў яго ў князя Любецкага ў 1809 г. Радавым гняздом Крывіцкіх быў г. Хэлм (Польшча). У канцы 16 в. Крывіцкія пасяліліся на Літве. У Геаграфічным слоўніку чытаем: «Воля. Мястэчка і маёмасьць паблізу Нёмна Гродзенскага павета, у 3 акрузе паліцыйнай, гміны Луна, 46 вёрст ад Гродна, 665 жыхароў, пераважна жыдоў, сынагога, дом малітоўны жыдоўскі, гарбарня. Да мястэчка належыць 14 дзесяцін. Маёмасьць, уласнасьць Вікторыі Крывіцкай, маюць 3 фальварка Семаскаўшчына і Вікторын 1037 дзесяцін (670 пад пабудовамі і ральля, 137 лугоў і пашы, 141 лесу, 83 неўжыткаў). Першым уладальнікам Волі і Зельвян стаў Ксаверы Крывіцкі – ротмістар Гарадзенскі судзьдзя земскі Ваўкавыскі. З жонкай Каралінай Дзянькоўскай дачкой Антона падскарбія надворнага Літоўскага Ксаверы Крывіцкі меў трох сыноў. Сярэдні сын Ксаверыя Юльян нарадзіўся ў 1806 г. і зрабіў нядрэнную кар’еру. У 1863- 67 гадах быў маршалкам шляхты Гарадзенскай губэрні сапраўдным саветнікам штату, кавалер Ордэна Сьв. Ганны I ступені. Згубіў павагу шляхты за ліст цару, у якім выказваў сваю вернападданасьць. З жонкай Вікторыяй з Эйсмантаў меў дзьве дачкі Юзэфу і Караліну. На ім і закончыўся род Крывіцкіх. Юзэфа Памела Крывіцкая выйшла замуж за Уладыслава Тарасовіча, які паходзіў з Гнезна. У выніку Воля і Зяльвяны сталі ўласнасьцю Тарасовічаў. Уладыслаў і яго брат прынялі удзел у Паўстаньні, яго маёнтак Конна быў канфіскаваны. Юзэфа Тарасовіч імкнулася выратаваць хаця б частку іх агульнай з мужам маёмасьці. На імя імпэратара Аляксандра ІІ ў красавіку 1864 г. яна падала прашэньне з просьбай вярнуць ёй грошы, якія яе муж атрымаў за яе ў якасьці пасагу. Юзэфа разам з двума дзецьмі паехала сьледам за мужам у ссылку. Аб гэтым сьведчыць просьба Уладыслава Тарасовіча аб выдачы яму і яго сям’і грашовай дапамогі з казны, накіраваная ў 1865 г. на імя Тамбоўскага губэрнатара. У Юзэфы быў вельмі ўплывовы бацька Юльян-Ксаверый Крывіцкі, які займаў пасаду маршалка шляхты Гродзенскай губэрні. Яго сувязі адыгралі вельмі важную ролю пасьля таго, як яго зяць Уладыслаў Тарасовіч быў высланы ў г. Казлоў Томскай губэрні (знаходзіўся там ужо ў сьнежні 1864 г.). Усе свае магчымасьці і знаёмствы Юльян-Ксаверый накіраваў на тое, каб выратаваць маёмасьць зяця і вярнуць яго на радзіму. 23 сьнежня 1865 г. было абнародавана «Высочайшее повеление», якое давала магчымасьць Тарасовічу прадаць яго маёнтак Конна. Дазвол быў атрыманы і 25 лютага 1867 г. Тарасовіч выехаў з Казлова на радзіму. Верагодна, іншай нерухомасьці Уладыслаў не меў. Ён мог жыць толькі ў маёнтках Зяльвяны і Воля. Пасьля сьмерці Ксаверыя Крывіцкага па разьдзельным запісе ад 5 жніўня 1830 г. яго сыну Юльяну-Ксаверыю адышоў маёнтак Воля. Пасьля сьмерці самога Юльяна-Ксаверыя Крывіцкага каля 1884 г. на яго спадчыну прэтэндавалі дачка Юзэфа Тарасовіч і ўнук барон Сігізмунд Сігізмундавіч Дангель. Адпаведна ўводнага ліста яны былі ўведзены ў агульнае валоданьне маёнткам Воля.