Маё мястэчка Луна-Воля - страница 34

Шрифт
Интервал


Бясспрэчным уладальнікам Луны быў муж Юзэфы, Эдвард Матэуш Ромэр. Ромэры—знакаміты шляхецкі род нямецкага паходжаньня (Romer), цэлая дынастыя, прадстаўнікі якой унесьлі значны ўклад у разьвіцьцё культуры Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, былі пасьлядоўнымі і актыўнымі змагарамі за незалежнасьць краю, у якім жылі. Сярод іх былі мастакі, выдаўцы, журналісты, палітычныя дзеячы, вучоныя.

Бацька Матэуша Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас паўстаньня 1830—1831 сябар Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэту.


Аўтапартрэт Эдварда Яна Ромэра на вокладцы кніжкі яго аўтарства «Выправа на воды з Літвы да Нармандыі».


У 1833 годзе арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвую ссылку ў г. Волагда, аднак праз год атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1834 усталяваў сувязь з Літоўскім камітэтам (Вільня), таксама падтрымліваў адносіны з эмігранцкім лягерам польскага «караля дэ-факта» А. Ю. Чартарыйскага. У ліпеню 1838 зноў арыштаваны за супрацу з эмісарам Маладой Польшчы Шыманам Канарскім., асуджаны да сьмяротнага пакараньня, замененага новай 13-гадовай ссылкай у Волагду а пазьней – у Вялікі Усьцюг. Разам з ім у ссылцы знаходзілася яго жонка Соф’я з Белазораў. Тут 19 верасьня 1848 года і нарадзіўся іх сын-Эдвард Матэуш Ромэр. (Поўнае імя – Edward Mateusz Jan Oktawiusz Romer). Аб чым сьведчыць таксама эпітафія ў Луненскім касьцёле: «Эдвард Матэуш Ромэр нар. у Волагдзе, пм 22.11.1900 г». Пасьля вяртаньня ў Вільню быў пад наглядам паліцыі. У сваім падарожным дзёньніку:» Wyprawa do wód z Litwy do Normandii: kartki z dziennika 6 czerwca – 16 listopada 1861» між іншым запісаў наступнае: «Zdawało się, że te czasy minęły, gdy lud w męczarniach i ucisku Bogu swę żale przesyła w peśni – a oto są obecne. Chwytano po kościołach, do więzienia wtrącano tych, którzy spiewali – a oto spiewają, wszyscy i wszędzie». (Здавалася, што тыя часы ўжо мінулі, калі люд у муках і прыгнёце Богу свае крыўды пасылае ў песьні – але яны наяве. Хапалі па касьцёлах, да вязьніцы ўкідалі тых, якія сьпявалі – а сьпяваюць, усе і ўсюды». ) Пад час паўстаньня 1863—1864 гг. знаходзіўся пад хатнім арыштам.


Сям’я Ромэраў. Малюнак Эдварда Яна Ромэра (бацька Матэуша). 1829 г.


Здольны ад прыроды да мастацтва Эдвард Матэуш Ромэр вучыўся малюнку спачатку ў бацькі мастака-аматара, потым у Катаяна Русецкага і Яна Зянкевіча. Скончыўшы ў 1867 г. Віленскую гімназію выехаў на вучобу ў Акадэмію Мастацтваў у Дрэздэн. Настаўнікам яго быў К. Шульц. Малюнкі Э. М.Ромэра зьмяшчаліся ў «Ляйпцігскай ілюстраванай газэце». У 1870 г. ён перавёўся ў Мюнхэнскую Акадэмію Мастацтваў, дзе навучаўся пад кіраўніцтвам Г. Аншуца, А. Сойтца, А. Ромберга, у майстэрні баталіста Ф. Адама. Э. М. Ромэр калегаваў з эмігрантамі былой Рэчы Паспалітай В. Чахурскім, Ю. Брандтам, Ю. Косакам, М. Гедымскім. Некаторы час Э. М. Ромэр працаваў у майстэрні Ксаверы Пілата. Першыя працы ў Мюнхэне «Вяртаньне зь ярмаркі» і «Пікет».