З 1873 г. многа падарожнічаў: пабываў у Вене, Меране, Варшаве.
У 1878 г. вярнуўся ў Вільню і адкрыў на Бакшце ў старым доме Ромэраў, які дастаўся яму ў выніку падзелу маёмасьці паміж братамі, мастацкую майстэрню і карыстаўся ёй сумесна з братам Альфрэдам Тэадорам Ромэрам і сябрам Францішкам Юргілевічам. 16 сакавіка 1880 г. ажаніўся з Юзэфай Чахоўскай (дачкой Аляксандра Чахоўскага і Валерыі Ромэр) і атрымаў у якасьці пасагу Луна.
Партрэт Эдварда Матэвуша Рэмера (1885). Намаляваў яго брат Альфрэд Ромэр (1832—1897). Літоўскі мастацкі музэй
У гэты час пісаў ён галоўным чынам бытавыя жанравыя сцэнкі, пэйзажы: «Завіруха», «Перад вакзалам», «Перад майстэрняй». Маляваў партрэты «Каваль», «Селянін у футравай шапцы». Майстэрскі напісаны «Партрэт бацькі мастака» —бацькі свайго сябра Ю. Юргілевіча.
Шэраг твораў прысьвечаны паўстанцам 1863 г.: «Патруль», «Хаціна ў лесе». У 1873 г. Эдвард Матэуш Ромэр экспанаваў свае працы ў Кракаўскім Таварыстве сяброў мастацтваў: «Адпачынак перад карчмой», «Вузкакалейка на Літве», «Чыгуначная станцыя», У парку», «Куліч», «Пад таполямі», «Мяцеліца». На выставе ў Варшаве палотны «Чыгуначная станцыя», «На запусты», «Пасьля работы», «Вяртаньне» былі куплены Таварыствам падтрымкі мастацтваў. У 1894 г. на выставе сучаснага мастацтва ў Львове карціна «Мяцеліца-2» была ўганаравана срэбным мэдалём. Выстаўляў свае працы Эдвард Матэуш Ромэр у Парыжы, Вене, Берліне, Мюнхене, дзе карціна «Мая хата» атрымала прыз і была куплена прафэсарам мастацтва з Брусэля І. Дэ Гасам.
Пэндзьлю Эдварда Матэуша Ромэра належыць партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. На палатне паўстае постаць волата. Палац, местачковыя дамы, нават ветраны млын у параўнаньні зь ім здаюцца цацачнымі. Паэт бы магутная глыба стаіць на зямлі, сягаючы да неба. Апрануты сьціпла, ён стаміўся, зьняў галаўны ўбор і павесіў на ручку кавенькі, на якую апіраецца, у правай руцэ трымае хусьцінку, якой толькі што выцер твар. Непакорныя валасы, шырокі твар, прасьветлены лоб, на маршчыністым валявым задуменным твары трывога і надзея. Такое ўражаньне, што паэт вандруе па вёсках і мястэчках, заклікаючы народ да змаганьня за лепшую долю.
Партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. Эдвард Матэуш Ромэр
Карціны Э. М. Ромэра можна паглядзець у Народным Музэі ў Варшаве («Амазонка»), Кракава («На папасьцы-2»), у Музэі Мастацтва ў Вільні (7 работ) і ў музэі Каўнаса.