Маё мястэчка Луна-Воля - страница 45

Шрифт
Интервал


Шырокую дзейнасьць разгарнуў Кастусь Каліноўскі на Гарадзеншчыне. Валеры Ўрублеўскі стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводзтва, будучы генэрал Парыскай камуны. У губэрні паўстанцы ўтварылі акругі, адпавядаючыя 5-ці станам. Цывільным кіраўніком Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці. Ян Каменьскі заслугоўвае таго, каб аб ім і яго лёсе было расказана падрабязьней, што будзе зроблена ў аддзельным апавяданьні пазьней.


«Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 г.» Карціна Пётры Сергіевіча


Унук паўстанца Язэпа Шамета з в. Дубраўляны (апошні час жыў у Седзянеўцах) успамінаў, што яго дзед быў сувязным паўстанцкіх атрадаў, што ў нашай мясцовасьці дзейнічала каля трох тысяч паўстанцаў, узброеных драбавікамі, шаблямі, пікамі ды косамі. Пасьля паразы каля Кнышава Язэп Шамет вывез з поля бою параненага паўстанца Жалезьнякоўскага з в. Хамічы, а самому ўдалося пазьбегнуць палону. Мясцовыя сяляне вялікай актыўнасьці ў паўстаньні не праявілі, але калі паўстанца агітатара з в. Камянчаны Івана Алізара арыштавалі, то 30 сялян зьяўіліся ў Луненскае валасное праўленьне, зьбілі старшыню Малашку і вывезьлі ў невядомым накірунку. Але на самой справе «Малашка (Małaszko) Ян, с. Шымона, войт Лунна, быў арыштаваны ў першыя дні сакавіка 1866 г. [? памылка – 1863] за захаванне паўстанчай літаратуры. У той час меў 45 гадоў», гэта значыць – быў паўстанцам.

Невядома, якую пазыцыю ў адносінах да паўстаньня занялі гаспадары маёнтка Луна, але ён не быў абкладзены часовым зборам з маёнткаў памешчыкаў польскага паходжаньня на ўтрыманьне сельскіх каравулаў у пэрыяд з 1 кастрычніка 1863 г. да 1 мая 1864 г. Сельскі каравул у Луна складаўся з дзяржаўных сялян Ваўпянскага і Дубнаўскага вясковых грамадзтваў, якія забясьпечваліся хлебам з запасных абшчынных магазынаў, а грашовыя сродкі выдзяляліся з харчовага і мірскага капіталаў.

22 ліпеня 1863 года Гродзенскі губэрнатар Уладзімір Бобрынскі па прапанове Віленскага генэрал – губэрнатара Міхаіла Мураўёва распараджаецца «о строжайшем запрещении женщинам носить траур, а мужчинам польские национальные костюмы или же другие революционные знаки». Аб'ява аб гэтым была надрукавана ў «Гродненских губернских ведомостях» і аддзельнымі публікацыямі.

У І864 г. Паўстаньне было задушана, а Кастусь Каліноўскі 22.03. І864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні і тайна пахаваны, каб і магілы яго не было. У «Лісьце з-пад шыбеніцы» ён пісаў для свайго народу: «…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе.