Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні».
Варта сказаць пра жанчын, якія актыўна, ці ўскосна ўдзельнічалі ў змаганьні, душой і сэрцам падтрымалі яго высокія ідэі.
Пад наглядам паліцыі па Гродзенскай губэрні за спачуваньне Паўстаньню і ўдзел у ім знаходзілася 64 кабеты. Многія жанчыны паехалі ў Сыбір за сваімі мужамі. Некаторыя несьлі гэты крыж разам са сваімі дзецьмі: Канстанцыя Сядлецкая і дачка Сафія, Владычанская Яна з дачкой Вікторыяй, Малевічова Людвіка з дачкою Аляксандраю Лявонія Каменьская з дачкой Марыяй і сынком, які памёр у Сыбіры…
У 1863 г. у Гродзенскую турму былі кінуты 638 чалавек, з іх – 36 жанчын. Найчасьцей – шляхецкага паходжаньня і высокага сацыяльнага статусу: жонка «предводителя дворянства Гродненского уезда» Севярына Ромэра – Тэадора, сёстры Людвіка і Крыстына Нарбуты і інш.
Аб вялікай самаахвярнасьці жанчын і нялюдзкасьці, дзікай жорсткасьці царскай жандармэрыі сьведчыць і тое, што ў турму кінулі жанчын разам з дзецьмі: Казіміра Высоцкая і трое маленькіх дзяцей – Казімір, Мар'яна, Станіслава; Канстанцыя Высоцкая і дочкі Аўгусціна і Тэрэза; Антановіч Канстанцыя з дачкою Юліяй і 4-х гадовым сынам Казімірам і інш.
Ссылалі жанчын і за непасрэдны ўдзел у Паўстаньні: Караліна Станішэўская ў Цвер за збор ахвяраваньняў і перадачы ежы паўстанцам, Багдановіч Эвеліна ў Кастраму – за збор ахвяраваньняў для сем'яў паўстанцаў і шмат інш.
Пратэст жанчын працягваўся і пасьля падаўленьня паўстаньня, набываў цікавыя формы. Кабеты масава пачалі апранаць жалобнае адзеньне з сымбалічнымі знакамі – чорная доўгая сукенка, абшытая чырвонай і блакітнай стужкай, чорны капялюш, на якім знаходзілася спражка герба Паўстаньня. Найбольш распаўсюджана гэтая зьява была ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях.
Пратэст жанчын набыў такі масавы характар, што царскі ўрад быў вымушаны прыняць самыя жорсткія меры і інструкцыі: «Принять меры к прекращению преступных манифистаций, воспретить носить траур и другие мятежницкие знаки… начали эти беспорядки в здешнем крае женщины…».
Ад тых часоў каля в. Мінявічы засталася магіла-курган 40 паўстанцам.
Штогод патрыёты ўшаноўваюць памяць паўстанцаў. На што ўлады адказваюць затрыманьнямі, арыштамі і штрафамі.
Ушанаваньне Паўстаньня 1863 у Сьвіслачы скончыўся затрыманьнямі