Маё мястэчка Луна-Воля - страница 51

Шрифт
Интервал



Дачка Марыя, якая нарадзілася ў Сыбіры


Тут у Сыбіры ў сьнежні 1877 г. нарадзілася дачка Марыя, пазьней Андрэева Дмахоўская. Дзякуючы пазьнейшым запісам Марыі, засталіся ўспаміны аб жыцьці сярод кіргіскіх стэпаў. А яшчэ быў сын, але гэта дзіцё было заслабое, каб перажыць марозную сыбірскую зіму. Марыя перажыла некалькі такіх зімаў. Помніла аулы ў кіргіскіх стэпах з некалькіх кібітак і юрт ці палатак з шэрага лямцу. Цёмнарудыя кіргіскія дзеці да 7 гадоў амаль голыя шукалі цяпла ў попеле вогнішча. Вогнішча гарэла ўвесь час на плоскім камяні, разьмешчаным пасярод юрты, напаўняючы яе едкім дымам, нягледзячы на дзірку ў даху.

Помніла старога Кіргіза, аб якім гаварылі, што ён сьвяты, бо зьдзіўляў ня толькі ссыльных паўстанцаў, але і ўсё племя тым, што спаў голы на сьнезе ў любы мароз.


Паўстанцы 1963 г. у ссылцы. Зьлева стаіць Ян Каменьскі


Ян Каменьскі распавядаў аб кіргізах, што былі шчырыя, удзячныя і ўчцівыя. Калі кіргіз знаходзіў у стэпе сярэбраную падкову, то не падымаў яе гаворачы: «Няхай яе забярэ той, хто згубіў». Займаліся паляваньнем, земляробствам, пасьвілі жывёлу і бессаромна эксплуатаваліся царскімі чыноўнікамі і купцамі. «Чыноўнікам» павінны былі плаціць «ясак» – даніну, а купцы з Омска, прывозячы да аулаў соль і другія тавары першай патрэбы, выкарыстоўвалі прастадушша сваіх вузкавокіх кліентаў і абманвалі іх неміласэрна. Таму кіргізы былі глыбока ўдзячны Яну Каменьскаму, які бараніў іх, таргаваўся, лічыў і спрачаўся з неўчцівымі купцамі.

Малая Маня бачыла, як гасьцінна віталі бацьку ва ўбогіх юртах, садзілі ля вогнішча на лямцавым дыване і частавалі кумысам, які налівалі са скураной торбы ў драўляныя кубкі, як частавалі варанай без солі канінай, якую даставалі з катла рукамі. Гаспадар юрты разрываў мяса на кавалкі і падаваў гасьцям адразу ў рот. Трэба было мець многа добрай волі, каб прыняць такі, выплываючы з глыбіні сэрца, пачастунак. Помніла ўжо іншыя сцэны з вуліц Омска. «Калі кіргіз прыяжджаў у горад, а падыходзіў час малітвы, то злазіў з каня, расьсьцілаў пасярод вуліцы свой лямец і сядаў на яго для выкананьня малітвы з падкручанымі пад сябе нагамі. Тым часам расейскія хлопцы, а, нават, і дарослыя штурхалі яго, цягнулі за лямец, сьмяючыся, каб пакаціць кіргіза. Калі на такую сцэну трапляў Каменьскі, то разганяў «жартаўнікоў», заслугоўваючы ўсё большую павагу кіргізаў. Расейскія чыноўнікі незадаволена ўспрымалі папулярнасьць паўстанца і іранічна называлі яго «кіргіскім каралём», але перашкодаў яму не чынілі.