– Я падумала, што халат для мяне, – разгублена прагаварыла Люба і, чырванеючы, паспешліва дадала: – Раніцай памыю…
Фрау Эльза як і не чула Любіных тлумачэнняў. Яна глядзела на Любу так, быццам бачыла ўпершыню. Позірк эканомкі абмацаў дзяўчыну ад пятак да галавы і раптам пацяплеў.
– У цябе такія доўгія і пышныя валасы? – здзіўлена і нечакана ласкава сказала фрау Эльза. Яна зрабіла некалькі крокаў насустрач, асцярожна, як нешта вельмі каштоўнае, аберуч абхапіла Любіны валасы і, быццам узважваючы, узнёсла ўскрыкнула: – Што за дзіва, ніколі не бачыла такой прыгажосці!.. А які незвычайны колер! Чым ты іх фарбуеш?
– Нічым, – прамармытала збянтэжаная Люба і ў думках ухваліла сябе за тое, што не мыла галавы і не карысталася фенам, бо невядома, як на тое магла адрэагаваць эксцэнтрычная, непрадказальная эканомка. – Фрау Эльза, – няўпэўнена працягвала Люба, – я хачу Вас папрасіць адрэзаць мне касу…
Любіна просьба відавочна ўсхвалявала эканомку, яна нават пабялела з твару. Фрау Эльза нервова адкінула ад сябе Любіну касу і, міжвольна страсянуўшы кісцямі, быццам пазбаўляючыся ад нечага непрыемнага, разгублена спыталася:
– Навошта?
– Яны будуць перашкаджаць працаваць, і дагляд патрабуе часу…
– Глупства! Калі прычына толькі ў гэтым – выкінь з галавы свой намер, – з палёгкай уздыхнула эканомка, і яе вусны скрывіла ледзь улоўная насцярожаная ўсмешка.
Думаючы пра нешта сваё, фрау Эльза зашпацыравала па пакоі, і калі праз некалькі хвілін зноў спынілася насупраць Любы, разгубленасці як і не было, вочы эканомкі пазіралі холадна і ўладна, было відавочна, што яна прыняла нейкае рашэнне.
– Дазволь мне прыводзіць у парадак твае валасы, – сказала фрау Эльза.
Прапанова была настолькі недарэчнай, што Люба ўспрыняла яе як жарт, але фрау Эльза імгненна развеяла сумненні.
– Усё жыццё марыла мець такія валасы, – убачыўшы, як разгубілася дзяўчына, памякчэлым голасам здалёк пачала эканомка. – Кажуць, марыць няшкодна, але ж прыроду не перайначыш, і парыком натуральнае не заменіш…
– Не-не, я сама, – адчайна запярэчыла Люба.
– А калі я вельмі цябе папрашу?..
Любе стала страшна, здалося, што эканомка хоча спакусіць на нешта нядобрае, пра такое чытала ў кніжках, а калі жыла ў Мінску, у інтэрнаце ёй паказвалі дзвюх дзяўчат, пра якіх гаварылі, што яны жывуць як муж і жонка.