– Так было раней, – спахмурнела Люба. Ёй было непрыемна гаварыць з малавядомым чалавекам на ўсё яшчэ балючую тэму.
– Канешне, раней, – адразу пагадзілася фрау Эльза, – інакш сюды не прыехала б. Усе мужчыны аднолькавыя, даб’юцца свайго, і памінай як звалі… Мая Інгрыд таксама нарадзілася ад «вялікага кахання», і напачатку яе бацька абяцаў залатыя горы з маннай нябеснай, а як даведаўся, што забрухацела, пра абяцанкі-цацанкі забыўся, стракача задаў: па сённяшні дзень почуту няма… Адна дачку гадавала, вось і сюды за лепшым жыццём падалася… І ўсё дзеля яе. Але цяпер маладыя сваім розумам жывуць, праўда, да таго часу, пакуль, як людзі кажуць, свая вош не ўкусіць… Вось і цябе тая вош укусіла… Прызнавайся, хлопчык ці дачушка засталіся ў Мінску?
– Што Вы, якія дзеці! – усхвалявана ўскрыкнула зніякавелая Люба і запунсавелася. Пачутая бязглуздзіца ўзрушыла, на нейкі момант выбіла з каляіны, нават стала цяжка дыхаць, у роце перасохла, язык зрабіўся цяжкім і шурпатым. Яна аблізнула імгненна сасмяглыя вусны і пажадліва паглядзела на сподак са шклянкай малака, што высіліся на трумо, на вечцы самай вялікай шкатулкі, і сваёй недарэчнай прысутнасцю ўносілі дысгармонію ў мірнае суіснаванне рознакаляровых футаралаў-касметычак.
– Зрэшты, я тут не гаспадыня, – паблажліва ўсміхнулася фрау Эльза і, таксама паглядзеўшы на шклянку, дадала: – А малако, напэўна, астыла…
Люба зразумела, што ёй не паверылі.
– У мяне з Іванам нічога не было… – яшчэ больш заліваючыся чырванню, пачала апраўдвацца дзяўчына, і раптам вочы адкрыліся, яна зразумела, чаму эканомка завяла гаворку пра дзяцей. Люба набрала поўныя грудзі паветра і раздражнёна выдыхнула: – Фрау Эльза, можаце перадаць пану Гансу, што я дамовы не парушыла, дзяцей у мяне сапраўды няма…
– Што ты, што ты, – замахала рукамі, замітусілася зніякавелая эканомка. – У мяне і ў думках не было цябе пакрыўдзіць недаверам…
Яна крутнулася да трумо, абедзвюма рукамі схапіла сподак са шклянкай і, кіруючыся да выхаду, унікаючы Любіных вачэй, кінула:
– Нешта мы забалакаліся, позна ўжо, ты кладзіся, а я зараз падагрэю малако.
Калі фрау Эльза вярнулася, Люба ўжо ляжала ў ложку пад нязвыкла пульхнай і надзіва лёгкай коўдрай. Яна моўчкі прыняла з рук эканомкі шклянку з малаком і невялічкімі глыткамі запіла дзве таблеткі аспірыну. Эканомка, прадчуваючы, што роспыты пра дзяцей насцярожылі новую пакаёўку, цяпер з усіх сіл старалася загладзіць сваю віну. Яна паправіла коўдру, спыталася, ці запаліць начны свяцільнік, на што Люба адмоўна хітнула галавой, і пасля даўгаватага напружанага маўчання, відавочна, думаючы пра сваю Інгрыд і ўнукаў, цяжка ўздыхнула: