– Няўжо і ў Беларусі ўсё так кепска, што вы едзеце сюды і згодны на любую працу, самую цяжкую, непрэстыжную, за якую мала плацяць?
– Вы таксама прыехалі не слёзы ліць па продках, – непрыветна сказала Люба, якой гэтыя надакучлівыя «допыты» пачалі здавацца небеспадстаўнымі.
– Люба, ты злюка, – вымучана засмяялася фрау Эльза і праз хвіліну па-начальніцку строга дадала: – У нас будзе час пра ўсё пагаварыць, а цяпер – спаць, спаць, спаць… Заўтра пабуджу а шостай гадзіне, і памятай пра наш угавор…
Доўгачаканая цішыня і адзінота не прынеслі Любе спакою і жаданага сну. Наадварот, як толькі за эканомкай бясшумна зачыніліся дзверы, журботныя, часта пакутлівыя думкі імгненна запаланілі свядомасць, напоўнілі душу і надарваным болем, і асцярожнай недаверлівай радасцю. Яны (думкі), чапляючыся адна за адну і выхопліваючы падзеі не толькі апошніх напружаных дзён, але і жыцця ранейшага, жыцця вясковага, бударажылі, няўлоўна прымушалі часцей біцца сэрца. Усё яшчэ не верылася, што яна ў Нямеччыне, што ляжыць у гэтым шыкоўным мяккім ложку і, пачынаючы з заўтрашняга дня, пачне працаваць на сябе, на сваю мару… Цяпер яна зробіць усё, каб вярнуцца дадому з грашыма, яна адкрые сваю фірму і, зрэшты, паступіць вучыцца ва ўніверсітэт, на завочнае юрыдычнае аддзяленне з эканамічным ухілам. Люба дакажа і бацьку з мачахай, і мінскай цётцы Клаве, і сяльчанам-верацейцам, і асабліва Івану, што зможа дабіцца ў жыцці большага, чым яны думалі і што прадракалі.
Перад вачыма імгненна ўзнік бацька. Чамусьці Люба заўсёды ўзгадвала яго п’янага і слязлівага. Мо таму, што грубым і злым ён мог быць толькі цвярозы, на падпітку ж заўсёды дачку шкадаваў, амаль заўсёды плакаў, у нечым сябе вінаваціў і ўсё кляўся і абяцаў… Кляўся кінуць піць гарэлку і зноў сесці за руль «МАЗа», каб зарабіць Любе на кватэру ў Мінску. Абяцаў павезці яе з мачахай адпачываць «да сіняга мора», вада якога адразу вылечыць жончыны касцяныя хваробы. Мачаха, якая піла разам з бацькам і сваё п’янства тлумачыла клопатам пра мужа, маўляў, яму менш дастанецца, гэтыя абяцанкі-цацанкі ўспрымала ўсур’ёз і гнеўна крычала:
– Ёлупень, колькі разоў казаць, што ніякага Сіняга мора няма, ёсць Чорнае, туды хачу… Толькі на каго парсюка пакінуць?
– Зацугляю і адвяду на калгасную ферму, – разважліва адказваў бацька. – Федзька-свінар за пляшку гарэлкі дагледзіць у агульным статку.