Смаляк, не зважаючы на парады Кучкуна, узяў у рукi папку i адразу пазнаў справу Альховiка, па якой ён два месяцы таму праводзiў праверку. Следчы спрабаваў успомнiць хоць якую-небудзь дробязь, з-за якой начальства магло б засумнявацца ў правiльнасцi пастановы, што адмаўляла ўзбуджэнне крымiнальнай справы, i не знаходзiў: юрыдычна ўсё было правiльна. Прычынай праверкi было ананiмнае пiсьмо, у якiм сцвярджалася, што Альховiк памёр не сваёй смерцю, i прыводзiлiся даволi пераканаўчыя доказы. Ананiмшчык абвiнавачваў Вярбiцкую Таццяну Фёдараўну, якая даглядала старога, сцвярджаў, што толькi ў яе была прычына адправiць Альховiка на той свет. Далей узгадвалася завяшчанне, якое пацярпелы за тыдзень да смерцi змянiў на карысць Вярбiцкай, i менавiта гэтым падпiсаў сабе смяротны прысуд. Азнаёмiўшыся з першым завяшчаннем i дапытаўшы двух братоў Шчэрбаў, якiя павiнны былi ўнаследаваць усю маёмасць нябожчыка, Смаляк ужо дакладна ведаў, што ананiмка напiсана iмi, хоць яны катэгарычна гэта адмаўлялi. Сваiх дзяцей ў Альховiка не было, усёй раднi – толькi Шчэрбы, пляменнiкi жонкі, памерлай пяць гадоў таму назад. Пасля смерцi цёткi пэўны час Шчэрбы клапацiлiся пра дзядзьку, дапамагалi яму, але, калi стары склаў завяшчанне i адпiсаў пляменнiкам дом у прыватным сектары, машыну, дачу i астатнюю маёмасць, на яго забылiся, быццам ужо i не жыў. Вось у гэты час i з’явiлася Вярбiцкая, якая ўвесь хатнi клопат узвалiла на свае плечы.
Смаляк перагарнуў дробна спiсаныя, як яму падалося, дрыжачай рукой старонкi скаргi i зноў падумаў пра Шчэрбаў. Ён быў перакананы, што скардзiлiся яны, але, каб праверыць сябе, зiрнуў на подпiсы i задаволена ўсмiхнуўся: так яно i было.
Кучкун скончыў телефонную размову i, засяроджана думаючы пра нешта сваё, прыжмурыўшы вочы, смалiў чорную, адпалiраваную да бляску курыцельную люльку. На ягоны жаўтаваты, жорсткi твар лёг цень заклапочанасцi, усхваляванай нервознасцi. На стале натужлiва гудзеў вялiзны, магутны, дваццацiгадовай даўнасцi вентылятар, прапелер якога паволi паварочваўся то ўправа, то ўлева, быццам вяртлявая маладзiца перад люстэркам. Фiранкi на вокнах матлялiся i хлопалi, бы ветразi, штучны, але прыемны вятрыска халадзiў твар, i гарачыня сапраўды адступала.
Смаляк дачытаў скаргу, яшчэ раз перагарнуў старонкi i прагледзеў месцы, пазначаныя чырвоным алоўкам. Следчы зiрнуў на пракурора, iх вочы сустрэлiся.