Эксгумацыя - страница 5

Шрифт
Интервал


2

Смаляк у дэталях памятаў першую сустрэчу з Вярбiцкай, якая пакiнула аб сабе прыемнае ўражанне. Цiхмяная, добра складзеная брунетка трыццацi пяцi гадоў, шчыра, iншы раз нават наiўна адказвала на пытаннi следчага, а калi прыгадвала Альховiка, прыкладвала насоўку да вiльготных вачэй i паспешлiва жагналася на пусты кут, жадаючы памерламу царства нябеснага. Жыла яна са старымi бацькамi i двума сынамi-пагодкамi, трынаццацi i дванаццацi гадоў, у невялiкай двухпакаёвай кватэры-хрушчоўцы. Дзяцей гадавала адна i зразумела было, чаго яна бралася за ўсялякую работу. У душы Смаляк быў задаволены i ўхваляў нябожчыка Альховiка за тое, што змянiў завяшчанне на карысць Вярбiцкай i яе дзяцей.

А другой гадзiне Смаляк выйшаў з метро i няспешна падаўся па вулiцы Валгаградскай у прыватны сектар, уяўляючы, як заўтра паедзе з сынам i жонкай на возера. Можна было праехаць некалькi прыпынкаў, але парыцца ў душным, прагорклым аўтобусе не было анiякага жадання, i ён пашыбаваў па шматлiкiх пыльных вулачках прыватнага сектара. Праз трыццаць хвiлiн скiнуў клямку на скасавураных, абшарпаных веснiчках, калiсьцi пафарбаваных у зялёны колер, i трапіў у панадворак. Адразу кiнулася ў вочы, што тут нiхто не жыве. Тры вакны сумна глядзелi на вулiцу зачыненымi аканіцамі, а чацвёртае, кутняе, ды невялiчкiя вакенцы на верандзе былi крыж-накрыж забiты негабляванымi дошкамi. Дзверы вартаваў вялiзны, руды ад iржы замок, а на ледзь прыкметнай сцяжынцы валялiся ссохлыя яловыя галiнкi, па ўсiм відаць, не прыбраныя з дня пахавання Альховiка. Смаляк зiрнуў на гадзiннiк, прыкiнуў, колькi часу ехаць назад, у пракуратуру, i пашкадаваў марна патрачаныя дзве гадзiны. Ён хацеў ужо вяртацца ў весніцы, але ў гэты момант за хатай, у глыбiнi гародчыка нешта зашамацела, пачулiся прыглушаныя галасы:

– Iдзi сюды, тут ажно абсыпана…

– I ў мяне поўна…

Смаляк зацiкавiўся i наўпрасткi па высокай, ледзь не да калена, траве пайшоў на галасы. Калi завярнуў за блiжэйшы вугал, пад нагамi зазвiнела бiтае шкло, i адразу галасы сцiхлi. З кустоў данеслася шамаценне, тупат ног: нехта задаваў лататы з абсыпанага спелымi буйнымi ягадамi малiннiку. Праз нейкi час у суседняй хаце не дужа моцна бразнулi дзверы. Смаляк усмiхнуўся, набраў жменю сакавiтых ягад i кiнуў у рот. Малiны, набрынялыя салодкiм пахучым сокам, прыемным халадком раставалі на языку, наталялі смагу. «Пiльныя суседзi не дадуць прапасцi ўраджаю», – падумаў следчы i абвёў позiркам агарод, на якiм, акрамя малiннiку, цягнулася да сонца толькi крапiва. Смаляк азiрнуўся, пашукаў вачыма блiжэйшы шлях да вулiцы, але гарэзлiвая думка падштурхнула да плота, за якiм знiклi ўцекачы.