Эксгумацыя - страница 9

Шрифт
Интервал


– Можа, яны Вам пагражалi?

– Каго мне цяперака баяцца? – больш спакойна зазначыла Казіміра Шашок i паглядзела Смаляку ў вочы. – Нiхто мне не пагражае, а цiкавiлiся яны Альховiкам, Вярбiцкай i жанчынай, што складала другi тастамент, не ведаю, як яе назваць па-вучонаму. Першы раз сусед адпiсаў маёмасць пляменнiкам, а за тыдзень да смерцi Вярбiцкая прывезла тую дзеўку з паперамi, паклiкала мяне за сведку i праз дваццаць хвiлiн – справа зроблена, усё стала ейнае. Якая лоўкая, шэльма! Тут усё жыццё гарбееш, укалваеш, а яна за дваццаць хвiлiн атрымала ўсё гатовае…

Смаляк толькi цяпер зразумеў сапраўдную прычыну змены настрою жанчыны, што яе так раптоўна выбiла з каляiны.

– Явiлася, не запылiлася, прынцэса! – распалялася старая. – Я пяць гадоў завiхалася вакол яго: «Фёдар Кузьмiч, грыбнога супчыку не жадаеце?.. Фёдар Кузьмiч, вось блiнчыкi са смятанкай…» Цьфу, стары дурань! Не спакусiўся б на ведзьму – жыў бы па сённяшнi дзень, – субяседніца раптам замаўчала, на вачах праступiлi слёзы. – Вы гэта не пiшыце, лiшняе кажу, – яна зноў замаўчала, усхлiпнула, капрызна шморгнуўшы носам, быццам дзiця, у якога адабралi любiмую цацку, i крыўдлiва працягвала: – А вяртлявы, што прыходзiў з пляменнiкамi, больш дапытваўся пра Альховiка: што гаварыў, сядзеў цi ляжаў, калi падпiсваў тастамент, цi трэслiся рукi, мо падчас гэтай працэдуры засынаў альбо не разумеў таго, што адбываецца. А потым i зусiм спытаў бязглуздзiцу: цi мог ён сам схадзiць у прыбіральню… Адзiн з пляменнiкаў пацiкавiўся, цi пры сваiм розуме быў дзядзька, калi падпiсваў паперы. Я акурат думаю, што страцiў Альховiк розум, калi падпусцiў да сябе Вярбiцкую, так i адказала, але нiчога не падпiсвала, няхай самi разбiраюцца.

– Казiмiра Францаўна, да нас зноў паступiла заява, у якой сцвярджаецца, што Альховiк памёр не сваёй смерцю, i прычына якраз у завяшчаннi, што Вы пра гэта думаеце?

– Яна ў нечым прызналася? – паспешлiва, з лiслiвасцю ў голасе перапытала жанчына, i яе бляклыя, выцвiлыя вочкi ажывiлiся, запрамянiлiся радасцю, але толькi на iмгненне, бо ў наступны момант яна зноў стала сур’ёзна-заклапочанай i збянтэжана цi то спытала, цi то пацвердзiла: – Гэта пiшуць Альховiкавы пляменнiкi?!

Смаляк згодна кiўнуў, i старая адразу неяк сцiшылася, абмякла i, прыплюшчыўшы вочы, задумалася.