Трыкутнiк караля - страница 19

Шрифт
Интервал


Прабіў гадзіннік. Кожны ўдар глуха адлятаў ад столі да падлогі і, у змрочнай зале, гэтыя гукі здаваліся па-сапраўднаму злавеснымі. Кароль здрыгануўся пры апошнім удары і, матнуўшы галавой, сказаў:

– Значыць, я буду жыць у Пецярбургу.

– У Мармуровым палацы, Ваша Вялікасць.

Скрыжаваўшы рукі на грудзях і паківаўшы галавой, Панятоўскі ўсміхнуўся.

– Добра быць усёведаючым, Якаў? Аб вашым дары мараць многія. Але я змагу загладзіць свой грэх? Як і вы?

– Не так ужо і добра, Ваша Вялікасць, але я не скарджуся. Грэх не ваш, а мой.

Кароль устаў, і Панурыш адразу ж падняўся ўслед за ім.

Панятоўскі падышоў да акна. У далі цямнеў Нёман. На супрацьлеглым беразе гарэлі агеньчыкі ў драўляных хатках, над стрэхамі якіх віўся ледзь бачны дымок. Панурыш стаяў за спіной караля. У цьмяным святле нешматлікіх свечак выгляд у госця быў таямнічы ды змрочны.

– Ну што ж… – сказаў кароль.

Панятоўскі вярнуўся да свайго крэсла, побач з якім стаяла невялікая скрыначка, уся пакрытая вытанчанымі завіткамі. Адкрыўшы яе, кароль дастаў сярэбраную капсулу са сваёй манаграмай і запытальна паглядзеў на Панурыша.

– Гэта тое, што трэба, Ваша Вялікасць, – сказаў той.

Каралеўскі госць зірнуў на свой пярсцёнак, на якім быў выкладзены ўпрыгожаны дробнымі смарагдамі трыкутнік. Кароль прасачыў яго погляд.

– Калі б я не ведаў, што вы таксама своеасаблівы кароль, я мог бы здзівіцца наяўнасці ў вас такога скарба, – сказаў Панятоўскі.

– Гэта сямейная рэліквія, Ваша Вялікасць, – адказаў Панурыш.

Засунуўшы руку за пазуху, Якаў дастаў адтуль нейкі скрутак цёмнай тканіны. Разгарнуўшы яго, ён выцягнуў невялікі, згорнуты аркуш пергаменту.

– Вось пяргамент, на якім Вашай Вялікасці варта пісаць, – нізкім голасам прамовіў Панурыш.

– Мабыць, нам спатрэбіцца больш святла, – адказаў кароль.

Панурыш падышоў да аднаго з падсвечнікаў і, выдраўшы свечку, зрабіў некалькі крокаў у бок невялікага століка, на якім стаяў залачоны кандэлябр. Ён запаліў кожную з трох свечак кандэлябра ад свечкі, якую трымаў у руках, а затым вярнуў яе на месца. Падсунуўшы крэсла да стала i з павагай схіліўшыся, ён даў зразумець каралю, што той можа заняць сваё месца і прыступіць да ліста.

– Гэтыя чарніла добра падыдуць для пергамента, – сказаў Якаў, дастаючы з-за пазухі невялікую бутэлечку з моцна прычыненай вечкай. – Зрабiце ласку ды скарыстайцеся маім пяром, Ваша Вялікасць, – дадаў ён, дастаючы маленькае, чорнае пёрышка.