Панурыш паглядзеў на караля ва ўпор. Яго погляд быў непранікальны. Ён склаў далоні разам. Здавалася, зараз ён пачне ўгаворваць караля не прасіць яго адказаць на гэтыя пытанні. Бледны, твар Панятоўскага, быў зусім не падобны зараз на твар некалі магутнага манарха. Перад Якавам быў просьбіт. Развядучы рукi ў бакі, Панурыш сказаў толькі два словы:
– Яна адродзіцца, – а затым дадаў. – Так, у Пецярбургу.
Кароль збялеў яшчэ больш і некалькі імгненняў толькі варушыў сухімі вуснамі. Ён закрыў вушы рукамі, як чалавек аглушаны выбухам, але хутка авалодаўшы сабою, пільна паглядзеў на госця.
– Але ж вы сказалі, што я вярнуся ў Воўчын!
– Так вернецеся, але ўжо пасля гэтага… – Панурыш памаўчаў і скончыў, – жыцця.
Глава 5. Прыгоды з раніцы
Прафесар Лiтвакас расплюшчыў вочы. Ён пражываў у не самым старым раёне Вільні, але ўсё ж старадаўніх асабнякоў, якім хутка павінна было споўніцца сто гадоў, там было дастаткова. Многія заможныя людзі ўжо не першы год скуплялі маёмасць па суседству з прафесарам філасофіі. Называўся гэты раён – Жвярынас.
Лiтвакас вельмі любіў свой раён і свой стары драўляны дом, пакрыты выдатным чарапічным дахам. У гэтым доме ў яго была вялікая спальня і вузкi спартанскi ложак, з якога ён і падняўся раніцай. Выгляд яго выдаваў бяссонную ноч. На яго прыложкавай тумбачцы ляжала кніга Эдгара По раскрытая на вершы «Сон у сне». Спехам памыўшыся, Лiтвакас хутка перакусіў тым, што засталося ад вячэры і, накінуўшы паліто, выбег з хаты. Сёння ён не збіраўся чытаць лекцыі. Скокнуўшы ў свой навюткі дарагі седан, чорнага колеру, прафесар завёў рухавік і праз кароткi адрэзак часу быў ужо за горадам, дзе дазволіў сабе развіць неабыякую хуткасць – сто восемдзесят кіламетраў на гадзіну. Лiтвакас любіў хуткасць, акрамя таго ён спяшаўся. Яго седан, пабліскваючы на сонцы, ляцеў па трасе ў бок Беларусі.
Праскочыўшы мяжу адносна хутка, Лiтвакас працягваў ціснуць на газ і неўзабаве ўбачыў, што наперадзе замаячыла Гародня. Менавіта туды спяшаўся літоўскі прафесар.
Прыпаркаваўшыся ў цэнтры, Лiтвакас пастукаў пальцамі па рулі, злёгку паскроб яго прыемную навобмацак скураную паверхню, і дастаў з унутранай кішэні пінжака свой тэлефон. Прабегшыся па сэнсарных клавішах, ён паднёс трубку да вуха.
– Алё, – сказаў у трубцы прыемны, малады жаночы голас.