Трыкутнiк караля - страница 4

Шрифт
Интервал


– Добры дзень, спадарства, – убачыўшы іх увагу, сказаў Мечык.

– Спадары вось тут надоечы ўсе ў Парыж паехалі, – адказаў рабочы з тварам Вітаўта на карціне Матэйкі «Грунвальдская бітва». – А мы вось тут зямлю роем.

Астатнія рабацягі стрымана засмяяліся.

Гісторык нічога не меў супраць жартачак рабочых і ўжо даўно прывык да іх.

Будаўнік – вельмі філасофская спецыяльнасць. Адпачынак пасля цяжкай, фізічнай працы, на кучы будаўнічых адходаў, з кубачкам таннай, растваральнай кавы, размешанай чымсьці накшталт цвіка – вось яна цудоўная рэальнасць будаўніка, пра якую Мечыслаў ведаў не па чутках. У такія моманты чалавек бывае адкрыты і фiласафiчны да крайнасці, нават калі ўсё яшчэ цвярозы.

– Я гісторык, пагляджу трохі, што тут у зямлі можа быць.

– Так-так, калі ласка, – ветліва адказаў нейкі тып, якi, мяркуючы па больш ахайнай фізіяноміі, і апранутай белай касцы, з'яўляўся брыгадзірам.

– Нам зямлі не шкада, – уставіў «Вітаўт», выклікаўшы ў рабочых крывыя ўсмешкі.

Мечыслаў апусціўся на кукішкі і пачаў разглядаць кучы зямлі перад сваiм тварам. Адзін з тых рабочых, што ўвесь час капалі, між тым вылез з траншэі, падышоў да брыгадзіра і папрасіў запаліць. Тыя рабочыя, што засталіся адпачываць, вярнуліся да абмеркавання нейкага фільма, нядаўна паказанага па тэлевізары. Адзін з іх уважліва паглядзеў на значок з гербам Пагоня, на грудзях гісторыка.

Мечыслаў тым часам капаўся ў зямлі. Цікавасць да раскопак у самым цэнтры горада заўсёды была максімальнай. Адсюль, з гэтых пагоркаў, жыхары Гродна глядзелі на навакольны свет… Стагоддзямі на гэтым месцы жылі людзі. Што тычыцца прасторы за эркерам Новага замка, то тут маладога чалавека прыцягвала магчымасць убачыць у раскопках падмуркі саксонскай капліцы васемнаццатага стагоддзя, якая служыла для малітвы каралю і была разбурана ў дваццатым стагоддзі. Траншэі рабочых былі пракапаныя як раз у тым месцы, дзе павінны былі хавацца гэтыя падмуркі…

Выбух рогату прымусіў Мечыка падняць галаву. Двое рабочых задумалі дуэль на рыдлёўках, астатнія сэкундавалi ім. Адзін з будаўнікоў адыходзіў у бок маладога гісторыка і, наблізіўшыся да яго ў шчыльную, адскочыў убок у момант удару лапатай, які зрабіў яго праціўнік – пажылы чалавек з чорнымі вачыма і сівымі, смешна зачасанымі валасамi. Рыдлёўка прасвістала ў паветры і трапіла зусім не туды, куды жадаў той, хто трымаў яе. Мечык заплюшчыў вочы.