Рабочыя часцяком са здзіўленнем глядзелі на невядомага ім маладога чалавека, які вывучаў плён іх працы, але мала хто цікавіўся: што ж спатрэбілася яму тут і навошта трэба разглядаць і перабіраць кучы зямлі, выкінутай на агляд прахожых вялікімі рыдлёўкамі – шуфлямі, як іх называлі самі працаўнікі гарадской гаспадаркі.
Мечык не стаў паварочваць, каб паглядзець на яму рабочых у закутку, бо ён бачыў яе ў мінулы раз, а працягнуў рухацца наперад.
Дайшоўшы да канца вуліцы, ён павярнуў у сквер на месцы разбуранага галоўнага каталіцкага храма Гродна – Фары Вітаўта, і, прайшоўшы міма нейкай парачкі, якая займала, як звычайна, лаўку ля краю сквера, павярнуў на вуліцу Замкавую, накіроўваючыся ў бок гродзенскіх каралеўскіх рэзідэнцый. Перад ім маячыла высокая пажарная вежа. Яна была падобная да сярэднявечнай абарончай, мела фігурны флюгер і бутафорскага пажарніка на верхняй пляцоўцы.
Перайшоўшы дарогу побач з упрыгожаным гербам Гродна асабняком арыстакратаў Храптовічаў, Мечыслаў накіраваўся да драўлянай статуі Вітаўта, падоранай шмат гадоў таму літоўцамі, і калі дайшоў да яе, павярнуў налева, у Новы замак. Ззаду засталіся вароты замка з фігурамі каменных сфінксаў, якiя вось ужо больш за дзвесце гадоў ахоўвалі ўваход у былую каралеўскую рэзідэнцыю.
Звярнуўшы направа, Мечыслаў апынуўся на абрыве над мірнай плынню Нёмана. Тут адкрываўся цудоўны від на Стары замак і Каложскую царкву. Унізе, па набярэжнай, рухаліся малюсенькія фігуркі людзей, сонца свяціла ярка і яго цяпло можна было лёгка адчуць, падставіўшы твар, з заплюшчанымі вачыма, пад ззянне, якое напаўняла ўсю прастору. Аблокі – шырокія, пакрытыя неверагодна складанымі разводамі, у прасвеце якіх і гарэў яркі сонечны шар, засланялі сабою амаль усё неба, і, здавалася, віселі нізка над іскрыстымі, зялёнымі хвалямі ракі, адкрываючы ў далі, размыты блакітнай смугой пейзаж, што дэманстраваў высокія груды-горы над самым лесам.
Палюбаваўшыся гэтай карцінай, Мечыслаў працягнуў свой шлях. Прайшоўшы ўздоўж правага крыла каралеўскага палаца, якое выходзіла да абрыву, ён павярнуў налева i выйшаў да паўкруглага палацавага эркеру.
Тут корпаліся пяцёра рабочых, яшчэ столькі ж сядзела на прыступках перад палацам, а адзін аблюбаваў для сябе дэкаратыўную вазу, ужо моцна аблезлую ад часу. Брыгада вяла раскопкі, вiдаць з мэтай рамонту вадаправодных труб. Усмешлівыя, адпачываючыя без справы, рабочыя, дружна зiрнулi на Мечыслава.