– Вось тэкст, – сказала Віка, паказваючы на паперку ў сваёй руцэ, – які мне вельмі хацелася б зразумець. Ці можаце вы растлумачыць сэнс? Тэкст напісаны на сапраўдным пергаменце і знойдзены ў футляры, – дзяўчына ткнула пальчыкам у фота, – а футляр у срэбнай капсуле. Яна на іншым фота.
Дзяўчына дастала яшчэ некалькі фотаздымкаў, якія паказвалi знаходкі з розных бакоў, і, склаўшы рукі на грудзях, сядзела моўчкі, пакуль прафесар, павольна адарваўшыся ад спінкі крэсла яшчэ павольней нахіляўся да фатаграфій і паперкi на стале. Чым больш ён прыглядаўся да іх, тым больш пашыраліся яго вочы. Было бачна, што ён стаў дыхаць часцей. Ён даволі доўга ўглядаўся ў выявы на фотаздымках і перачытваў тэкст на паперцы. Здавалася, ён зусім забыў аб сваёй маладой наведвальніцы. Нарэшце Лiтвакас адкінуўся ў крэсле, прыціснуўшы дзве складзеныя далоні да вуснаў і гледзячы ў пустэчу. Рэзка перавёўшы позірк на сваю госцю, ён сказаў спакойным тонам, хоць голас яго дрыгнуў на апошніх словах:
– Гэта праўда, скажыце шчыра? Можа быць гэта жарт, містыфікацыя… Як мне даведацца? Вы хочаце… Хочаце чаго? Можа быць грошай?
– Я хачу даведацца, што значаць словы на паперцы.
– Людзі хлусяць іншым пра ўсё, каб атрымаць грошы, а грошы хлусяць ім пра іх саміх, што яны атрымалі сябе, – вымавіў, сапучы Лiтвакас.
Дзяўчына задуменна адвяла позірк.
– Дзе гэта было знойдзена?
– Там, дзе жыў Панятоўскі. Вы ж ведаеце ўжо, што там манаграма Панятоўскага?
– Ведаю не горш за вас! – рашуча i зло гаркнуў прафесар. Ён імгненна авалодаў сабой, толькі ў глыбіні вачэй чыталася злосць ад раптоўнай успышкі.
– Людзі хочуць толькі жэрці, але вы – вы імкнецеся да нечага большага! Дзеля чаго вы асабіста, мілая, цягніцеся да гэтых ведаў? Калі гэтая сярэбраная штука сапраўдная, то вартая шмат грошай, але ж вам не патрэбныя грошы. Вы проста любіце гісторыю, як мне сказаў ваш… наш агульны сябар – прафесар Баранаўскас. І вы нават не гісторык па спецыяльнасці. Вы цягніцеся да ведаў. Але не да грошай. Але ведаеце, што я скажу вам? Гэта больш сур'ёзна, чым вы можаце ўявіць. Лепш бы вы не прыходзілі да мяне з гэтымі фотаздымкамі і запіскай. Хочаце ведаць? Хочаце насамрэч? Ну дык я вам скажу!
Лiтвакас расхваляваўся зноў, але авалодаў сабой.
– Так… – прафесар прыслабіў свой смешны гальштук. – На срэбнай капсуле знаходзіцца манаграма караля Панятоўскага, там ёсць яшчэ невялікая выява: ружа і крыж – эмблема ордэна розенкрэйцараў, вол – герб роду Панятоўскіх. Вось гэта ўсё вы ведалі. Цяпер тое, што вы не ведалі, – вымавіў ён.