Дуся працягнула некалькi скамячаных паперак.
– Ты што? – абурылася Пятроўна. – Нутка схавай свае грошы! Гляньце на яе – багацейка знайшлася. Схавай грошы, табе кажу, а то больш нiчога не дам.
– Ну дык… – соўгала носам старая. – Вазьмi хоць Дразду на пiва.
– Шыш яму, а не пiва! – Пятроўна ўскачыла з лаўкi. – Ен машыну дроў згнаiў, а ты яго пiвам частаваць задумала! Схавай грошы! А то пакрыўджуся!
– Ну калi грошы не бярэш, – старая запiхнула паперкi назад у кiшэню, – тады я табе яек прынясу. Куры, слава богу, яшчэ нясуцца.
– Няўжо ў цябе яшчэ i куры есць?
– Есць, – старая цяжка ўздыхнула. – Тры курыцы i певень. Валерка кажа – давай на суп заб’ем. Ды мне шкада. Як-нiяк, а гаспадарка. Гарод ужо не саджу. сiл Каровы даўно ўжо няма. Вось толькi куры i засталiся.
– А я сваю жыўнасць даўно звяла, – Пятроўна махнула рукой на пусты хлеў. – Карысцi анiякай. У магазiне дзешавей купiць таго мяса цi малака, чым скацiну выгадаваць. Ды i даглядаць трэба. Сена касiць…
– Аблянелi, – Дуся падхапiла мяшочак i патупала да калiткi. – Толькi спаць ды гуляць. Хаця, мо яно так i спакайней. Спiну гнуць не трэба, ды рукi пэцкаць. Ну, пайду я. Дзякуй за цэмент. А яйкi я табе заўтра з унучкамi перадам.
– Не выдумывай! – аднекiвалася Пятроўна. – Абыйдуся я i без яек. У магазiне куплю. Мо памагчы данесцi?
– Не. Я сама датупаю. Спяшыць мне некуды. Ды i свая ноша рук не цягне.
– Ну як хочаш.
Пятроўна праводзiла старую да калiткi. Пастаяла трошкi. Дачакалася, калi старая знiкне за паваротам.
– Не, не хачу да такiх год дажываць, – Пятроўна здрыганулася. – Яшчэ гадкоў дваццаць пажыць i хопiць на мой век. Хаця тут не згадаеш.
Пятроўна паглядзела на неба i зноў кiнулася выкiдваць дровы з хляўчука на вулiцу.
Назаўтра з дровамi гуляў Дрозд. Ен зносiў iх назад у хляўчук i лаяў жонку:
– Казаў жа ей – не чапай! Сам спарадкую. Не – рукi дзяваць некуды! Трэба было дровы павыкiдываць! А калi б дождж пайшоу? Дзе iх сушыць? Ну заплеснелi трошкi. Ну i чаго лямант падымаць? У сараi i не такiя ляжаць. Рабiць мне больш нечага, як дровы з месца на месца перакiдваць.
– Здарова, Дрозд, – ззаду пачуўся нечы голас. – Што гэта ты з дровамi гуляеш?
Дрозд выпрамiўся. Ля калiткi стаяў Валерка.
– А вось размяцца трошкi вырашыў. Надвор’е добрае. Дай, думаю, дровы пакiдаю туды-сюды.
– Ну-ну! – ўсмiхнуўся Валерка. – Калi ахвота будзе – прыходзь да мяне. У мяне там два трактары не колатых. I разамнешся, i падсобiш.