Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля - страница 19

Шрифт
Интервал


– Вось і памылася! – абуралася на сваю нязграбнасць цетка, вылезаючы з лужыны. – I лазню тапiць не трэба.

Машка з Ангелiнай цiха пасмейвалiся.

– Чаго рагочыце? – Мар’я абтрасла спаднiцу. – Дажывеце да маiх гадоў, мо не так летаць будзеце.

Пайшлi далей. Праз поўгадзiны ўжо грукалi да Вусцiнавiча.

– Гэй! Есць хто дома? Ягады прымайце!

Вусцінавіч павольна вылез са сваей схованкі.

– Ну чаго дзверы ламаеце? Пачакаць не можыце? Іш ты! Колькі вас тут! Усім кагалам у лес вырашылі? Няйначай увесь лес вынеслi.

– А што? – Мар’я прысела на лавачку ля сарайчыка. – Чаго ў хаце дарма сядзець, калі жывыя грошы ў рукі лезуць.

– Вам паасобку лічыць, – Вусцiнавiч адчынiў сваю гаспадарку, – альбо разам?

– Разам, – адказаў Кастусь.

Машка з Ангелiнай незадаволена засапелi. Яны ўвесь шлях прыкiдвалi куды патрацяць свае грошы. Але з бацькай спрачацца не сталi.

Ссыпалі ягады ў дзве скрыні. Вусцінавіч паставіў скрынi на вагі, пасунуў туды-сюды гiркi, дастаў з кішэні калькулятар, пачаў падлічваць. Памыліўся. Пералічыў. Зноў памыліўся. Зноў пачаў пералічваць.

– Сорак дзве пяцьсот, – не вытрывала малая.

– Правiльна, – Вусцінавіч здіўлена пагледзеў на калькулятар, потым на дзеўчыну, потым зноў на калькулятар.

– Ты глядзі! – войкнула Мар’я. – У цябе, Вусцінавіч, две вышэйшых адукацыі, а ў малой ні воднага, а як хутка падлiчыла. Не тое што твая тэхніка!

Вусцінавіч прамаўчаў. Працягнуў грошы і знiк са скрынямi недзе ў цемры сарайчыка.

Мар’я i кампанiя накiравалiся далей.

Машка з Ангелiнай зноўку пасмейвалiся. На гэты раз з Вусцiнавiча.

– Прыемшчык знайшоўся! – здзiўлялася малая. – Два інстытута скончыў, а з калькулятарам падлічыць не можа.

– І шкарпэткі дзіравыя, – дадавала Машка. – Хіба зашыць некалi?

– Мо i некалі, – уключалась у размову Мар’я. – Увесь дзень ягады прымае.

– Мог бы і новыя купіць, – раіла Ангеліна.

– У яго на новыя грошай няма, – жартаваў Кастусь. – Каб былі, дык ягады не прымаў.

– Вось нарэшце і датупалі, – Мар’я з палегкай уздыхнула. – І ці думала я, што дажыву да такога часу? Тры пакаленні ў лес адразу ходзяць. І калі такое бывала?

– А што гэта вы з пустым посудам вярнулiся? – па-за плотам з’явілася галава суседа Мiколы. – Дзе ж вашы ягады?

– У лесе засталіся, – ў тон суседу адказала цетка.

– У лесе! – недаверлiва хмыкнуў Мiкола. – Ведаем мы гэты лес! Няйначай да Вусцiнавiча адразу панеслi. А вось Людка больш за ягады дае.