Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI – XVIII стагоддзяў - страница 11

Шрифт
Интервал


Дакументы сапраўды паказваюць, што цікавасць Баторыя да акультыстаў не абмяжоўваўся англічанамі Дi і Кэлі.

Хоць манарх, як вынікае з запісак Кіхеля, працягваў выглядаць як моцны мужчына, аднак здароўе ўладара імкліва пагаршалася. Пры гэтым кароль і вялікі князь працягваў паляваць, у прыватнасці, у Кундзінскім лесе, які знаходзіўся ў раёне сучаснай Кузніцы.

Хвароба, смерць, рэчы караля і яго пахаванне

Хвароба Баторыя і яго апошнія дні нядрэнна апісаны сучаснікамі. Нейкі загадкавы чалавек – Ежы Х'якор (Jerzy Chiakor) за імем якога хаваўся, як лічаць, адзін з лекараў караля – Мікалай Бучэла, апісаў фінальны адрэзак жыцця выбітнага манарха. Вось пераклад, зроблены па тэксце ў кнізе польскага гісторыка Юліяна Урсын-Нямцэвіча.

«У той момант, калі Весяліні адпраўляе лісты да прымаса Яго Мосці і сенатараў, інфармуючы іх пра фатальную смерць Найяснейшага караля Яго Мосці, Пана нашага, я не хацеў упускаць выпадак для падрабязнага апісання таго, як гэта адбылося, таму што кожны дзень я запісваў усё, што мне, як сведцы, траплялася на вочы.

Не без праліцця многіх слёз даводзіцца мне выконваць гэты абавязак. Хто ж гэтую смерць аплакваць не будзе, а менавіта мы, венгры, засталіся ў гэтай краіне, як статак без пастыра, страціўшы з гэтым героем, усіх заслуг нашых узнагароды і надзеі.


Сграфіта з Баторыем. Стары замак Гродна, рэканструкцыя 10-х гадоў XXI стагоддзя. Першапачатковы варыянт (злева) і з выпраўленай тытулатурай. Фота аўтара.


Чацвёртага чысла, месяца снежня, 1586 года, Найсвятлейшы Пан вярнуўся ў Гродна і правёў тры дні на паляванні. Праз два дні пасля гэтага, кароль выдатна сябе адчуваў, і доктару Бучэла дазволілі паехаць да свайго маленькага пляменніка, які захварэў у яго маёнтку. Шостага, у нядзелю, кароль адчуў цяжар і нейкія болі ў целе, з усім гэтым ён быў на службе і публічна еў абед. Увечары ён не хацеў спаць, і згодна з рэцэптам Бучэла, ён хацеў, каб яму расцерлі ўсё яго цела, але доктар Сімоніус параіў толькі пацерці рукі і ногі, а каралю, каб заснуць, параіў два кубкі старога віна з кавалачкам хлеба. Так і сталася, і кароль пайшоў адпачываць.

З-за ліхаманкі, і ад галаўнога болю, кароль не мог заснуць, ён устаў і пайшоў у малы бакавы алькеж, дзе вокны былі заўсёды адчыненыя, каб астудзіцца. Калі ён вярнуўся адтуль, на яго навалілася слабасць, і так, што ён без пачуццяў упаў на зямлю і аб лаўку моцна, але не глыбока, параніў правае калена. На гэты шум прыбег Весяліні, падняў караля і агледзеў крывавае месца. Кароль не памятаў, якім чынам з ім адбылося такое; ён жа сам вярнуўся ў ложак.