У будучыні чарадзеяў чакала яшчэ шмат чаго цікавага. Напрыклад, праз пару гадоў пасля сустрэчы з Баторыем, Кэлі раптам адкрыў Ді, што анёлы сказалі яму падзяліцца з таварышам сваёй жонкай, а ён, у сваю чаргу, павінен зрабіць тое ж самае. Ді не асмеліўся праігнараваць анёлаў, і абмен адбыўся. Такім чынам, парачка містыкаў з Альбіёна займалася свінгам задоўга да закладкi першага свiнг-клубу.
Яркія біяграфіі ангельцаў дапамаглі ім стаць папулярнымі персанажамі заходняй поп-культуры. Розныя згадкі пра гэтых чараўнікоў прысутнічаюць у вядомых мастацкіх творах, у тым ліку культавых галівудскіх фільмах: «Ведзьма з Блэр» і «Сэрца анёла».
Баторыю, аднак, трэба было займацца палітыкай, а не толькі прымаць замежных вядзьмакоў. Альбертрандзі так піша пра гэты перыяд:
«Пасля сейма кароль з'ехаў у Кракаў і там, а таксама ў Непаламіцах, ён правёў лета і большую частку восені. З надыходам зімы кароль паехаў у Гродна, дзе займаўся ўзвядзеннем будынкаў, але насамрэч яго займалі куды больш грандыёзныя задумы».
Па іншых звестках, Баторый быў у Гродне ўжо ў канцы лістапада і склікаў тут раду сенатараў. Абмяркоўваліся ўсё тыя ж маскоўскія пытанні. З гэтага моманту Гродна набывае па-сапраўднаму сталічны статус, бо Баторый перастае бясконца раз'язджаць па розных кутках краіны і пасяляецца ў горадзе над Нёманам. Увесь наступны 1586 Баторый праводзіць тут.
Чым жа займаецца манарх у Гародні? Ёсць легендарныя звесткі аб рамане ўладара з нейкай жыхаркай горада ці наваколляў. Нібыта ад гэтай сувязі нарадзіўся Лжэдзмітрый I, які на сваім самым вядомым партрэце нават падобны да Баторыя.
У лютым 1586 года з Баторыем нiбыта адбываецца непрыемны інцыдэнт. Перапраўляючыся праз змёрзлае возера ў наваколлях Гродна, кароль адчуў, што лёд пад ім трэснуў. Манарх забараніў набліжацца да яго і сам акуратна рухаўся па лёдзе, пакуль не дасягнуў бяспечнага месца.
Нягледзячы на праблемы са здароўем, кароль дазваляў сабе забавы і нават, як лiчыцца, удзельнічаў у маскарадным балі.
У маі гэтага года манарх прыняў свайго маскоўскага пасла Гарабурду. А затым і царскага пасла Траякурава, дамовіцца з якім па ўсiх пытаннях не ўдалося, хоць мір паміж краінамі працягнулі.
У Гродне Баторый выношвае планы персанальнай уніі з Расіяй, гэта значыць, кароль бачыў сябе кіраўніком аб'яднанай дзяржавы Польшчы, ВКЛ і Маскоўскага Царства. Такая дзяржава-цяжкавагавік магла б змясцi асманаў і вызваліць, родную для Баторыя, Трансільванію.