Бусел павесялелым позiркам агледзеў вялiкую паляну, на якой месцiлiся хата з прыбудовамi, агароджаныя плотам, якi ад часу i недагляду спарахнеў i павалiўся на кусты здзiчэлай малiны, i толькi праз гэта яшчэ трымаўся, ствараючы ўражанне сваёй патрэбы. Адзiн з трох хлявоў неяк бокам усунуўся ў лес, быццам нiхто яго не будаваў, а ён вырас тут сам, разам з калматымi пахучымi соснамi, што шчыльна ўзялi яго ў палон. Другi хлеў быў напаўразбураны, i толькi трэцi, яшчэ нiштаваты, вiдаць, прыстасаваны пад гараж, ганарлiва паглядаў наўкол праз расчыненыя дзверы, падпёртыя тоўстымi калодамi. Страха на хаце ў адным месцы свяцiлася велiкаватай дзiркай, на напаўразбуранай пячной трубе сядзела вялiзная шэрая варона i, схiлiўшы галаву набок, насцярожана сачыла за Буслам.
«Тут, вiдавочна, нiхто не жыве», – падумаў Бусел i, падставiўшы твар яшчэ цеплаватым сонечным промням, заплюшчыў вочы.
I раптам ён акунуўся ў зусiм iншы свет: усё наўкол поўнiлася птушынымi галасамi, у траве на ўсе лады стракаталi конiкi, цёплы, ласкавы вятрыска ўзяў у свае абдымкi вiльготнае цела, iмгненна раскудлацiў валасы. Далёкi i адначасова блiзкi ўспамiн устрывожыў i расчулiў, капiтан адчуў, што даўным-даўно з iм гэта ўжо было, ён перажываў гэткi момант. Гуллiвы вецер менавiта так кудлацiў непаслухмяныя валасы, а птушыныя спевы напаўнялi душу неймавернай лёгкасцю i жаданнем узляцець. Iмгненна перад вачыма ўзнiк белабрысы дзесяцiгадовы хлапчук. Гэта ён, Андрэй Бусел, каб не адстаць ад старэйшых, узлез на вялiкi стары дуб, што рос на схiле Замкавай гары. Пад нагамi хiсткая, спружынiстая галiнка, а яшчэ нiжэй струменiцца, круцiцца вiрам рака Мнюта. Шлях да адступлення адрэзаны, Андрэй заплюшчвае вочы i саскоквае… Ён ляцiць i не адчувае свайго цела, толькi гэтыя птушыныя спевы i вецер, цёплы крылаты вецер у валасах.
– Калiсьцi тут жыў ляснiк, – парушыў нечаканы ўспамiн Фiлiн. – Стары памёр, а сын у турме, ён i даў адрасок. Месца надзейнае, блiжнi шлях – трынаццаць кiламетраў лясной дарогi, калi прыцiсне – сiгануў у кусты i шукай ветру ў полi. Цябе наўмысна сюды прывёз, пажывеш пару тыдняў, лiчы, што адпачываеш у санаторыi.
Пачуўшы пра два тыднi, Бусел не вытрымаў:
– Паўмесяца – гэта занадта!
– Я разлiчваю, што праз тыдзень цябе пахаваюць, – не зважаючы на капiтанаву нервознасць, вёў сваё Фiлiн, – а яшчэ праз тыдзень, трошкi змянiўшы знешнасць, аб’явiшся ў Мiнску. Цi табе абавязкова трэба быць на асабiстым пахаваннi?