Неяк угаварыла Шаўцова схадзiць у рэстаран, у той самы, дзе святкавалi Новы год. У глыбiнi душы Ядзя спадзявалася на выпадковую сустрэчу з Калеснiкам, няхай бы паглядзеў, прыраўнаваў. Але сустрэчы не адбылося, а вось Шаўцоў каторы раз трапiў у непрыемнае становiшча. I заказ быў недарагi, але ў яго не хапiла грошай, каб разлiчыцца. Ядзя пагардлiва зiрнула на свайго прынiжанага кавалера, выцягнула з сумачкi некалькi паперак, падала афiцыянтцы i шпарка, не азiраючыся, пайшла на выхад.
Шаўцоў прапаў на тры днi, i Ядзя нават занепакоiлася: цi не здарылася што кепскае? Ён аб’явiўся ў суботу надвячоркам, стомлены, схуднелы, але з усмешкай да самых вушэй, вочы прамянiлiся гонарам. Ён нясмела пастукаў у дзверы i, убачыўшы Ядзю, адным духам выпалiў:
– Я запрашаю цябе ў рэстаран…
Ядзя была не ў гуморы, i Шаўцоў трапiў ёй пад гарачую руку:
– А ты ведаеш, колькi каштуе мой любiмы каньяк?
– Я разлiчваў на шампанскае, – наiўна прашапталi вусны Шаўцова, – можа, абыдземся…
Ён не паспеў дагаварыць. Ядзя дзiкай коткай кiнулася да хлопца, яе трэсла ад злосцi:
– А я не жадаю абыходзiцца, нi ў чым не хачу сабе адмаўляць! Ты можаш гэта зразумець?!
Шаўцоў разгубiўся. Ён цяжка ўздыхнуў, панура крутнуўся i, быццам пабiты сабака, пайшоў прэч.
– Раней ты такой не была, – гэтыя словы даляцелi да Ядзiных вушэй ужо з гаманлiвага iнтэрнацкага калiдора.
– Усе мы калiсьцi кiмсьцi былi, – адчайна ўскрыкнула Ядзя i, абхапiўшы галаву рукамi, зайшлася ў роспачным плачы.
Так жыць яна не магла. Душны iнтэрнацкi пакой выклiкаў гiдлiвасць i пагарду, ужо смешнымi, нават iдыёцкiмi здалiся паводзiны ў звадзе з Калеснiкам.
«У Сержа i сапраўды магла быць важная сустрэча, – апраўдваючы каханка, думала Ядзя; неаднойчы чутыя тэлефонныя размовы тычылiся грашовых спраў i цяпер зусiм па-iншаму тлумачылi паводзiны Калеснiка. – Ён не бегаў, як Шаўцоў, па таварных станцыях, не разгружаў вагоны, але ж за нешта трэба было шыкаваць. Значыць, i сапраўды Серж зарабляў грошы i, канечне, у кватэры сустракаўся з дзелавымi людзьмi. Ён аберагаў мяне ад лiшняга клопату, а я, дурнiца, звычайную сiтуацыю ператварыла ў жудасны сон… Усё, хопiць, к чорту гонар, к чорту Шаўцова, я хачу быць з Сержам i толькi з iм!»
Праз гадзiну Ядзя паспешлiва ўвайшла ў пад’езд. Яна хвалявалася, нават памылкова заехала ў лiфце паверхам вышэй кватэры Калеснiка. Прыдзiрлiва агледзеўшы сябе ў маленькiм люстэрку, Ядзя падмалявала вусны, прыпудрыла шчокi, нос i, крыху супакоiўшыся, пачала спускацца па лесвiцы ўнiз. І раптам каля Калеснiкавых дзвярэй убачыла высокую русявую дзяўчыну гадоў дваццацi пяцi, апранутую ў строгi, зеленаватага колеру касцюм. Дзяўчына, вiдавочна, спяшалася. Раз-пораз паглядаючы на гадзiннiк, яна бесперапынку званiла ў дзверы. Ядзя адчула сябе нядобра, на адразу ацяжэлых ватных нагах паднялася вышэй, каб яе не было бачна, i стомлена села на прыступку. Ад думкi, што там, ля дзвярэй, новая Сержава каханка, зрабiлася млосна, гарачая хваля рэўнасцi ўскалыхнула пачуццi, болем апякла душу.