Нарэшце дзверы рыпнулi, i да слыху даляцеў да болю знаёмы голас.
– Iра? – здзiвiўся Калеснiк. – Што здарылася?
– Прабачце, Сяргей Мiкалаевiч, але я па разлiк, – адным духам умольна выпалiла дзяўчына.
«Яна назвала яго Сяргеем Мiкалаевiчам, – адразу адзначыла Ядзя, – значыць, яны не каханкi… Якое шчасце! Ён мой!..»
– Мо зойдзеш у кватэру? – з трывогай у голасе прапанаваў Калеснiк.
– Мяне чакае таксi, – ужо больш спакойна прагаварыла дзяўчына, – i я выходжу замуж.
– Ты парушаеш угавор, – сярдзiта прабурчаў Калеснiк. – Хто цябе заменiць?
– Сяргей Мiкалаевiч, мой будучы муж – вайсковец, i мы ўсё вырашылi: сёння вечарам ляцiм у Маскву, а заўтра – у Петрапаўлаўск-Камчацкi. Я спадзяюся на Вашу сумленнасць: жанiх не павiнен нiчога ведаць.
– Я не вораг нi табе, нi сабе, – усмiхнуўся Калеснiк. – Мы добра папрацавалi, толькi на ўсю долю не разлiчвай.
– Нам так патрэбны грошы, – умольна ўздыхнула дзяўчына.
– Пошук замены будзе каштаваць дваццаць працэнтаў, – рэзка перапынiў яе Калеснiк. – Зараз прынясу, што вiнен.
Калi Iрына пайшла, Ядзя яшчэ з паўгадзiны тулiлася ля сцяны на лесвiчнай пляцоўцы, разважала, спрабуючы зразумець, пра якую работу яны гаварылi, але так i не змагла ўцямiць, асэнсаваць пачутае. Больш марудзiць не магла, наважылася i з замiраннем сэрца нацiснула на кнопачку званка. Дзверы адчынiлiся нечакана хутка. Убачыўшы Ядзю, Калеснiк у першы момант разгубiўся. Было вiдавочна, што ён кагосьцi чакаў, толькi не яе. Канфуз доўжыўся нейкую хвiлiну, у наступны момант ён шчыра ўсмiхнуўся, твар засвяцiўся радасцю, Калеснiк саступiў месца на ўваходзе, запрашаючы Ядзю ў кватэру. У дзяўчыны трывожна тахкала сэрца, хацелася кiнуцца ў абдымкi да каханага, але яна стрымала гэты парыў, не наважылася. Нешта перашкаджала першай пайсцi на прымiрэнне.
– Вось ключы прынесла, – няўпэўнена працягнула яна ключы ад кватэры.
Iх вочы сустрэлiся. Калеснiк, не зважаючы на працягнутую руку, на расчыненыя дзверы, таропка хiстануўся да Ядзi, аберуч абхапiў i моцна прыцiснуў да сябе.
– Я думаў, ты нiколi не вернешся, – цалуючы Ядзю ў вусны, вочы, выдыхнуў ён, – я больш нiкуды цябе не адпушчу.
Напачатку яна вяла сябе стрымана, што нi кажы, а яна жанчына i вымушана выканаць ролю беспадстаўна пакрыўджанай. Але ж як утрымаешся, калi думкi, душа, цела даўно чакалi гэтага моманту, i дзяўчына прагна адказала на Калеснiкавы пацалункi.