Астроўскi, седзячы ў кабiнеце начальнiка крымiнальнага вышуку горада палкоўнiка Качана, машынальна рабiў запiсы ў службовым блакноце. Iшло чарговае пасяджэнне, падводзiлiся вынiкi не так даўно праведзенай праверкi. Некаторыя ўставалi самi i давалi звесткi, пераканаўча спасылалiся на лiчбы. Прозвiшчы некаторых называлi, i тады пунсовыя маёры, падпалкоўнiкi таропка ўскоквалi i тлумачылi хiбы па сваiх накiрунках дзейнасцi. Астроўскi ведаў цану гэтым патрэбным для галачкi пасяджэнням. Каб ад таго, як сышчыкi валодаюць лiчбамi аб раскрытых i нераскрытых злачынствах i сапраўды паляпшалася раскрыццё, пэўна, усе толькi i займалiся б, што пасяджэннямi.
Думкi маёра былi скiраваны да гарадскога кiрмашу, да лейтэнанта Крывiцкага, якi, канечне ж, пачынае нервавацца, трацiць кантроль над сабой. Астроўскi здагадваўся пра прычыну неспакою Крывiцкага, нават быў упэўнены, што дакладна яе ведае. Упершыню ўбачыўшы лейтэнанта, хуткага, непаседлiвага халерыка, падумаў, што ён i двух дзён не вытрымае ад вымушанай бяздзейнасцi. Аж не, лейтэнант аказаўся з характарам, тыдзень цярплiва выконваў ягоны не зусiм ясны, а таму незразумелы загад «вывучаць кiрмаш». Праз тыдзень у Крывiцкага здалi нервы, але Астроўскi быў задаволены навiнамi, якiя чуў ад лейтэнанта. Усё гаварыла за тое, што ён, даверыўшыся лейтэнанту Мiрончыку, не памылiўся, Крывiцкi – той чалавек, якi патрэбен. Калi быць шчырым, не кожны сышчык здатны на ролю, якую выконвае Крывiцкi. Ён добра ўмее абагульняць, робiць правiльныя, лагiчныя высновы i, галоўнае, у яго iнтуiцыя на ліхадзеяў, а гэта не кожнаму дадзена.
Пасля правалу на фармацэўтычнай фабрыцы Астроўскi стаў больш асцярожны, ён улiчваў, што за iм могуць сачыць. Каб пазбегнуць нечаканасцей i не правалiць явачную кватэру, ён доўга блукаў па горадзе, на вакзале ўзяў таксi, даехаў да Першамайскага аддзела мiлiцыi, зайшоў у будынак, праз запасны выхад джгануў у двор, адтуль на суседнi завулак i на вулiцу Калiнiна. Нiякiх назiральнiкаў за сабой не заўважыў, але, як кажуць, беражонага Бог беражэ.
У прызначаны час маёр быў на вулiцы Пугачоўскай. Убачыўшы ўзбуджанага Крывiцкага, Астроўскi зразумеў, што не памылiўся наконт настрою лейтэнанта. Маёр, прыхiльна ўсмiхаючыся, паздароўкаўся за руку з Крывiцкiм i, кiўнуўшы на попельнiцу, у якой высiлася гара недакуркаў, хiтнуў галавою: