– Многа курыце, калега.
Крывiцкi, вiдавочна, быў не ў гуморы i заўвагу начальнiка прапусцiў мiма вушэй. Ён выструнiўся i, як i належыць падначаленаму, не парушаючы субардынацыi, адным духам выпалiў:
– Таварыш маёр, прашу выкарыстоўваць мяне ў адпаведнасцi з займаемай пасадай. Больш бiбiкi бiць не магу, калi i надалей мае абавязкi будуць заключацца ў тым, што раблю цяпер, то лепш адпраўце дадому… Не магу дый не хачу гуляць усляпую. Удакладнiце абавязкi, i я вылузнуся са скуры, а выканаю загад, але больш «вывучаць кiрмашнае жыццё» не магу…
– Мне б гарбаты папiць, – стрымлiваючы ўсмешку, прайшоў у пакой Астроўскi. – I гарэлку не пiў, а сухач мучыць. У цябе, Алесь, так не бывае?
– У мяне iншае – кулакi свярбяць, – незадаволена буркнуў Крывiцкi i знiк на кухнi.
Астроўскi адчынiў фортку, уключыў тэлевiзар i, уладкоўваючыся ў мяккае крэсла, прыгадаў, як давялося выбiваць у гэтую кватэру мэблю: мяккi куток, каляровы тэлевiзар, секцыю. Палкоўнiк Качан тады ўпiкнуў: маўляў, маёр уладкоўвае не канспiратыўную кватэру, а бардэль…
Успамiн рассмяшыў Астроўскага, а Крывiцкi, якi ставiў на столiк паднос з гарбатай, ацанiў маёраў смех па-свойму.
– З мяне не варта смяяцца, – пакрыўдзiўся ён. – Мяне вучылi бандытаў лавiць, а не красавацца на крышталi ды пуза расцiць на мяккай канапе… З канспiратыўнай кватэры зрабiлi чорт ведама што, быццам век тут жыць… Толькi дзяўчат не хапае…
– Ты правiльна прыкмецiў, – Астроўскi зрабiў невялiкi глыток гарбаты. – Начальства мяне ўшчувала тваiмi ж словамi, – ён зноў адпiў з кубачка i жартаўлiва падмiргнуў Крывiцкаму: – А iдэя наконт дзяўчат неблагая!..
– Мне было б лепш у гатэлi, – сур’ёзна адказаў Крывiцкi i, сядаючы ў крэсла насупраць маёра, цвёрда спытаў: – Што вырашылi са мной?
Астроўскi няспешна пiў гарбату i маўчаў. Лейтэнант сядзеў непрыступны i, здавалася, праглынаў яго позiркам, але пытанне больш не паўтараў. Гэтая рыса спадабалася Астроўскаму: такi чалавек не будзе проста так мянцiць языком, узважыць кожнае слова. Ён паставiў пусты кубак на стол i ўважлiва паглядзеў Крывiцкаму ў вочы:
– Ты чытаў некралог па капiтане Буслу?
– Чытаў, – асцярожна прамовiў Крывiцкi i таксама паставiў кубак з недапiтай гарбатай на стол, адразу зразумеўшы, чым будзе займацца.
– Капiтан Бусел працаваў над раскрыццём забойства шафёра фармацэўтычнай фабрыкi Кузаўкова. Па падазрэннi быў затрыманы раней судзiмы Павел Скакун па мянушцы Князь. Праўда, даказаць вiну Скакуна капiтан не змог, а хутчэй за ўсё, не паспеў, але Князя арыштаваў за захоўванне зброi. Вось гэты Князь увесь час ацiраўся на гарадскiм кiрмашы, як кажуць, кармiўся з яго. Версiю капiтана Бусла мы павiнны дапрацаваць, не дае спакою ягоная ўпэўненасць у тым, што Скакун i ёсць забойца Кузаўкова. Цяпер разумееш, чаму ты апынуўся на кiрмашы?